БЕЛ Ł РУС

Эрдаган ўвёў у Турцыі рэжым надзвычайнага становішча і дапусціў узнаўленне смяротнага пакарання ў краіне

21.07.2016 / 08:38

У інтэрв'ю катарскаму тэлеканалу Al Jazeera кіраўнік турэцкай дзяржавы паведаміў, што пасля спробы ваеннага перавароту ў Турцыі рэжым надзвычайнага становішча уведзены на тры месяцы.

«Члены Савета бяспекі вырашылі рэкамендаваць ураду аб'явіць надзвычайнае становішча на тры месяцы, каб мець магчымасць хутка адказваць на дзеянні разнастайных тэрарыстычных арганізацый», — цытуе тэлеканал словы Эрдагана.

Эрдаган таксама заявіў, што, на яго думку, некаторыя замежныя краіны былі звязаны са спробай дзяржаўнага перавароту. Ён не патлумачыў, якія менавіта дзяржавы ён падазрае ў датычнасці да перавароту, паведамляе агенцтва Reuters.

У гэтым жа інтэрв'ю Эрдаган пацвердзіў затрыманне пілотаў, якія збілі расійскі Су-24 над мяжой з Сірыяй. Паводле яго слоў, яны былі звязаны з прапаведнікам Гюленам, якога афіцыйныя ўлады абвінавачваюць у арганізацыі путчу.

«Мы яшчэ не ведаем пра датычнасць гэтай падзеі ці гэтых людзей. Аднак гэтыя пілоты могуць быць звязаныя з Пенсільваніяй (Гюлен пражывае ў штаце Пенсільванія, ЗША). Яны цяпер знаходзяцца пад вартай, канчатковы адказ дасць суд. Будзе зроблена заключэнне пра тое, ці датычныя яны да дадзенай групы», — сказаў Эрдаган.

Турэцкі прэзідэнт таксама паведаміў, што падпіша дэкрэт аб смяротным пакаранні ўдзельнікам перавароту, калі такое рашэнне прыме парламент краіны. На пытанне аб тым, як паставіцца да гэтага ЕС, Эрдаган паведаміў, што «Еўрасаюз — гэта не ўвесь свет». Паводле яго слоў, Турцыя 53 гады дамагалася членства ў ЕС, але так гэтага і не дамаглася. Як лічыць Эрдаган, еўрапейцы не маюць права крытыкаваць надзвычайнае становішча ў краіне.

Пры гэтым турэцкі прэзідэнт падкрэсліў, што Турцыя застанецца дэмакратычнай краінай і не збіраецца адступаць ад гэтага.

Датычна прычын перавароту Эрдаган упікнуў разведслужбы, якія недапрацавалі і не здолелі прадухіліць спробы путчу.

Раней турэцкія ўлады паведамілі пра тое, што пілот турэцкага знішчальніка, які збіў расійскі самалёт, быў адным з удзельнікаў спробы дзяржаўнага перавароту ў Турцыі, якая адбылася ў ноч на 16 ліпеня. Па словах мэра Анкары Меліха Гекчэха, менавіта тая «паралельная структура» ва Узброеных сілах, якая зладзіла мяцеж, была адказная за пагаршэнне адносін з Расіяй.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула