Лукашэнка распарадзіўся «не гнаць людзей на выбары»
Галасаванне на выбарах не павінна быць штучным, заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай сустрэчы са старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай.
Выбары 11 кастрычніка 2015 г., фота Дзмітрыя Брушко, Tut.by
«У нас пачалося датэрміновае галасаванне. Я хацеў бы звярнуць і вашу ўвагу, і тых, хто арганізоўвае выбары, адказвае за іх на месцах, каб не было ў нас нічога штучнага, каб мы не гналі людзей на выбары, каб мы дастойна іх правялі, каб гэта сапраўды было свята і мы разумелі, што робім гэта для сваёй краіны і народа», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік краіны адзначыў, што, вядома, яму хацелася б, каб на выбары прыйшло як мага больш людзей. «Гэта паказчык сувязі паміж уладай і народам, паказчык ацэнкі людзьмі парламенцкіх выбараў, ролі дэпутатаў, парламента ў жыцці нашага грамадства і дзяржавы.
Але тым не менш падкрэсліваю: заганяць людзей на ўчасткі не трэба, трэба іх папрасіць. Трэба папрасіць, каб людзі прыйшлі і прагаласавалі», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, ёсць меркаванні, што Захад дасць нізкую ацэнку выбарам, калі будзе вялікі працэнт датэрміновага галасавання.
«Я мяркую, нам гэтага баяцца не трэба. Вельмі сур'ёзныя сродкі масавай інфармацыі прааналізавалі іншыя краіны — там ніхто не напружваецца з гэтай нагоды. Надвор'е на гэтым тыдні будзе выдатнае, людзі будуць сядзець на лецішчах, на беразе возера, будуць займацца сваімі пытаннямі, і кожны будзе выбіраць момант, калі яму лепш прагаласаваць», - падкрэсліў кіраўнік краіны.
Па словах кіраўніка дзяржавы, у сувязі з займанай пасадай яму было б лепш прагаласаваць датэрмінова. «Але я так падумаў, што, калі датэрмінова прагаласую, перакуліцца свет, у крайнім выпадку ў Беларусі гэта месца разверзнецца, будзе велізарная бездань.
І я ўжо адкідаю ўсе пытанні — збіраюся прагаласаваць ў нядзелю, як звычайна. Таму не трэба напружвацца — датэрмінова ці не датэрмінова. Галоўнае, каб чалавек прагаласаваў. Мы гэта робім для свайго народа», — падкрэсліў беларускі лідар.
«Пачне працаваць новы парламент, ціха, спакойна будзем жыць і працаваць. Галоўнае, каб гэтая палітычная кампанія не парушыла мір і спакой у нашай краіне. Нам ён вельмі неабходным. Таму я звяртаюся да людзей, каб яны прыйшлі і прагаласавалі на гэтых выбарах так, як лічаць патрэбным»,— заклікаў кіраўнік дзяржавы.
Лідзія Ярмошына адзначыла, што вялікая колькасць журналістаў збіраюцца асвятліць ўдзел прэзідэнта ў галасаванні.
На што Аляксандр Лукашэнка адказаў: «Усе пераймаюцца, дзе прапаў малодшы сын. Я ж чытаю ў тым ліку ўсякі бруд. Я абавязкова з малодшым сынам прыйду, як звычайна. І дзеці прагаласуюць».