БЕЛ Ł РУС

Трамп прапанаваў пасаду дарадцы па нацбяспецы экс-кіраўніку выведкі Пентагона

18.11.2016 / 08:31

Nashaniva.com

Генерал-лейтэнант арміі ЗША ў адстаўцы Майкл Флін атрымаў прапанову абранага прэзідэнта Дональда Трампа заняць пасаду дарадцы па пытаннях нацыянальнай бяспекі, паведамляюць у Белым доме.

Флін не раз даваў парады Трампу падчас прэзідэнцкай кампаніі. Фота AP

У 2012-2014 гадах Флін узначальваў выведвальнае ўпраўленне міністэрства абароны ЗША. Ён сцвярджае, што яго прымусілі сысці ў адстаўку з гэтай пасады праз яго погляды на радыкальны іслам, інфармуе BBC.

На дадзены момант крыніцы інфармагенцтваў ў прэзідэнцкай адміністрацыі не паведамляюць, ці пагадзіўся Флін заняць пасаду.

Ад лютага па лістапад генерал-лейтэнант быў адным з дарадцаў Трампа, пакуль ішла яго выбарчая кампанія. Для прызначэння дарадцы абранаму прэзідэнту не трэба заручацца падтрымкай Кангрэсу.

Летась Флін наведаў святочную вячэру ў Маскве з нагоды 10-годдзя расійскага англамоўнага дзяржканала RT, раней вядомага як Russia Today, чым моцна здзівіў істэблішмэнт.

Як паведамлялі СМІ, на мерапрыемстве экс-кіраўнік выведкі Пентагона знаходзіўся побач з галоўным рэдактарам тэлеканала Маргарытай Сіманьян і непадалёк ад Уладзіміра Пуціна.

Пазней, у інтэрв'ю RT Флін заявіў, што ЗША і Расія павінны працаваць разам, каб вырашыць праблему грамадзянскай вайны ў Сірыі і справіцца з тэрарызмам.

Акрамя таго, Флін заяўляў, што вайна ў Іраку, якую пачаў у 2003 годзе прэзідэнт Джордж Буш, была памылкай і ў выніку прывяла да актыўнага развіцця там тэрарыстычных груп.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула