Куба развітваецца з Фідэлем Кастра
Па волі нябожчыка, яго цела было крэміравана ў суботу ў прысутнасці вузкага кола асоб, паведамляе ТАСС.
© EPA/ALEJANDRO ERNESTO
Жыхары і госці вострава Свабоды з панядзелка атрымаюць магчымасць развітацца з гістарычным лідарам Кубінскай рэвалюцыі Фідэлем Кастра, які пайшоў з жыцця ў мінулую пятніцу ва ўзросце 90 гадоў. Па рашэнні спецыяльна сфармаванай камісіі Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кубы і ўрада па арганізацыі пахавання, у 09:00 (17:00 — Мінск) прах Кастра будзе выстаўлены ў мемарыяльным комплексе імя Хасэ Марці на Плошчы рэвалюцыі Гаваны.
Па волі нябожчыка, яго цела было крэміравана ў суботу ў прысутнасці вузкага кола асоб, гаворыцца ў паведамленні калумбійскага тэлеканала Caracol Television. Цырымонія развітання будзе доўжыцца на працягу ўсяго дня да 22:00 і працягнецца ў аўторак ад 09:00 да 12:00.
Акрамя таго, 28 і 29 лістапада ад 09:00 да 22:00 у спецыяльна адведзеных месцах кожнага кубінскага горада, у тым ліку і ў сталіцы, усе жыхары выспы атрымаюць «магчымасць аддаць пашану і пакінуць свае подпісы пад урачыстай клятвай вернасці канцэпцыі рэвалюцыі», прапанаванай гістарычным лідарам. Апагеем ушанавання нязменнага на працягу многіх гадоў кіраўніка дзяржавы ў аўторак у 19:00 стане шматтысячны мітынг на Плошчы рэвалюцыі, на якой Фідэль Кастра вымавіў многія са сваіх шматгадзінных прамоваў.
Цырымонія пахавання пройдзе 4 снежня ў 07:00 па мясцовым часе на могілках святой Іфігеніі горада, які называюць калыскай кубінскай рэвалюцыі. Акрамя гэтага, 28 лістапада і 4 снежня адначасова ў правінцыях Гавана і Сант'яга-дэ-Куба з нагоды ўшанавання камандантэ будзе праведзены 21 артылерыйскі салют.
У краіне, па ўказе Дзяржаўнага савета Кубы, ад 26 лістапада да 4 снежня ідзе дзевяцідзённая нацыянальная жалоба, падчас якой «адменены грамадскія мерапрыемствы і спектаклі» і прыспушчаны дзяржаўныя сцягі. У гэты час радыё і тэлебачанне выспы транслююць інфармацыйныя, патрыятычныя і гістарычныя перадачы.
Ваенны парад і народнае шэсце з нагоды 60-годдзя высадкі Фідэля Кастра з яхты «Гранма», якая паклала пачатак барацьбе з Батыстам, перанесены з 2 снежня на 2 студзеня 2017 года.