КНДР можа хутка ўзброіцца міжкантынентальнымі атамнымі ракетамі
Паўночная Карэя наблізілася да распрацоўкі паўнавартасных міжкантынентальных балістычных ракет (МБР), якія могуць мець атамныя баегалоўкі, распавёў высокапастаўлены прадстаўнік Пентагона парталу defensetech.org.
Раней Мінабароны ЗША заяўляла пра распрацоўку МБР у КНДР, аднак паўночным карэйцам яшчэ трэба вырашыць праблему зваротнага ўваходжання ракеты ў шчыльныя слаі атмасферы, кажа ўрадовец.
«Гэтая пагроза не дае мне спаць па начах», — адзначыў ён.
На мінулым тыдні былы камандуючы войскамі ЗША ў Паўднёвай Карэі сказаў, што абраны прэзідэнт Дональд Трамп, магчыма, будзе вымушаны распрацаваць план прэвентыўных удараў па КНДР.
«Я не думаю, што якія-небудзь перамовы ці дыпламатыя пераканаюць Кім Чэн Ына ў неабходнасці пераменаў», — сказаў генерал Сухапутных войск у адстаўцы Вальтэр Шарп.
Калі КНДР прывядзе ў гатоўнасць дальнабойную ракету, а ЗША не будуць перакананыя ў тым, чым яна ўзброеная (ці можа нясе касмічны спадарожнік), то такая ракета павінна быць знішчаная, сказаў Шарп.
Па ягоным меркаванні, якое прагучала раней сёлета, камуністычная краіна ў бліжэйшыя гады можа сутыкнуцца з моцнай унутранай нестабільнасцю, а кіраўніцтва можа паспрабаваць кампенсаваць цяжкасці ва ўнутранай палітыцы знешнепалітычнымі авантурамі.