БЕЛ Ł РУС

Мінкульт адказаў на зварот з 10 тысячамі подпісаў за прызнанне бел-чырвона-белага сцяга гістарычнай каштоўнасцю

23.12.2016 / 21:33

Nashaniva.com

Міністэрства культуры адказала на зварот Змiтра Дашкевiча за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi. У падтрымку гэтай ініцыятывы актывісты сабралі каля 10500 подпісаў.

У адказе за подпісам намесніка міністра культуры Алеся Яцко гаворыцца, што «ў прадстаўленай у Міністэрства культуры прапанове не ўтрымліваецца дакументальнага яе абгрунтавання і поўнай, дакладнай і якаснай фіксацыі графічнымі сродкамі элемента, якому прапануецца надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Прыведзеныя асобныя факты не падмацаваныя дакументальнымі крыніцамі, што не дазваляе прыняць іх у якасці абгрунтавання неабходнасці надання статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці прапанаванаму элементу».

У лісце таксама адзначаецца, што прапанову накіравалі ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі, якой для падрыхтоўкі яе навуковага абгрунтавання «неабходна правесці грунтоўнае навуковае даследаванне з мэтай выяўлення арыгінальных архіўных дакументаў і матэрыялаў, што патрабуе працяглай працы вучоных і адпаведных фінансавых выдаткаў. Па звестках прадстаўнікоў акадэміі выкананне гэтай работы будзе ажыццяўляцца з улікам выдаткавання сродкаў на навуковыя даследаванні ў новым фінансавым годзе».

«Выходзіць, што я павінен падняць з архіваў дакументальную фіксацыю сцяга, які з 1991 па 1995 год быў дзяржаўным? Ці гэта павінен зрабіць Мінкульт?» — абураецца Дашкевіч. — І цікава, ім самім не смешна? Для таго, каб знайсці фота Лукашэнкі, дзе ён прысягаў пад бел-чырвона-белым сцягам, акадэмікам трэба правесці «грунтоўнае навуковае даследаванне»».

Аднак актывіст бачыць і станоўчы момант, усё ж даследаванне плануюць правесці.

У Мінкульт падалі 10500 подпісаў за прызнанне Б-Ч-Б сцяга гістарычнай каштоўнасцю

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула