Мінінфармацыі вынесла папярэджанне «Нашай Ніве» — у той жа дзень, што і Тут.баю
Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанне сайту «Нашай Нівы» (nn.by) за «парушэнне патрабаванняў артыкула 38 закона «Аб сродках масавай інфармацыі».
Атрыманне двух і болей папярэджанняў на працягу года пагражае закрыццём выдання.
Ліст за подпісам міністра Ліліі Ананіч, які атрымала «Наша Ніва», датаваны 14 сакавіка. У адзін дзень з намі было выпісанае папярэджанне і парталу Tut.by, толькі што пошта даставіла наш ліст пазней. Фармулёўка такая ж — распаўсюд інфармацыі, «здольнай нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі».
У лісце з Міністэрства інфармацыі прыводзяцца восем выказванняў у каментарах да артыкулаў на сайце НН.
У адпаведнасці з патрабаваннямі закона мы выдалілі дадзеныя каменты з сайта.
Патлумачым, што яны ўтрымлівалі наступны змест.
- Рэзкія выказванні на адрас уладаў.
- Расклад меркаваных несанкцыянаваных акцый недармаедаў у рэгіёнах.
- Рэзкія выказванні на адрас выканаўцаў затрыманняў, у прыватнасці, затрымання Змітра Дашкевіча.
- Рэзкая крытыка ўстаноўленага помніка гарадавому ў цэнтры Мінска і падтрымка перформансу левых актывістаў супраць помніка гарадавому ў цэнтры Мінска.
Нагадаем, на партале nn.by дзейнічае рэжым прэмадэрацыі. Усе каменты перад іх выстаўленнем прачытваюцца вэб-рэдактарам. Яму даводзіцца штодня ацэньваць больш за 1200 каментароў, многія з якіх неадназначныя. На сёння, у сітуацыі моцнай сацыяльнай напружанасці, дзейнічаюць яшчэ і боты-правакатары. У выніку сярэдні працэнт адсеву каментаў апошнія гады складаў каля дваццаці.
У сувязі з цяперашняй сітуацыяй на «Нашай Ніве» будзе дзейнічаць рэжым яшчэ больш пільнай мадэрацыі. Калі ў вэб-рэдактара хоць на секунду ўзнікаюць сумневы, што рабіць з каментам — камент будзе адразу ж выдалены. «Наша Ніва» не мусіць стаць ахвярай чыёйсьці правакацыі.
«Наша Ніва» — легендарная беларуская газета. Многія яе рэдактары назаўжды ўпісаныя ў гісторыю краіны: браты Луцкевічы, Янка Купала, Вацлаў Ластоўскі — спіс можна працягваць доўга.
Цяпер «Наша Ніва» — самы папулярны ў свеце сайт на беларускай мове. Па выніках лютага мы сталі трэцім па колькасці праглядаў інфармацыйным інтэрнэт-парталам у краіне. У лютым наш партал наведалі з 570 тысяч ай-пі адрасоў, прагледзелі 7,9 млн старонак.
Давайце спакайней ставіцца да эмоцый сённяшняга дня. Знікла Расійская імперыя, разваліўся і Савецкі Саюз. А беларускае слова жыве і будзе жыць. Дзеля гэтага працуе «Наша Ніва».
{POLL#625}