Навукоўцы вылавілі рыбу «без твару», якая 150 гадоў лічылася зніклай
Аўстралійскія даследчыкі злавілі на глыбіні 4000 метраў вельмі незвычайную «рыбу без твару», піша Tut.by са спасылкай на мясцовы тэлеканал ABC.
АВС
У буйной рыбы ёсць ноздры і нос, але няма твару і не відаць вачэй. Даследчыкі мяркуюць, што яны размешчаныя пад скурай.
Выданне не прыводзіць назву віду, аднак паведамляе, што ў мінулы раз гэтую рыбу бачылі ў 1870-х гадах — тады яе злавіла каманда карвета HMS Challenger. Пасля экспедыцыі ніхто з гэтай рыбай не сутыкаўся, від лічыўся зніклым.
Незвычайную рыбу знайшло Дзяржаўнае аб'яднанне навуковых і прыкладных даследаванняў у Аўстраліі падчас даследавання «ўсходняй бездані», якая распасціраецца ад паўночнай Тасманіі да цэнтральнага Квінслэнду.
Мэта даследавання — пошук новых відаў. Для гэтага навукоўцы пагрузілі сетку з падводнай камерай, якая зняла дзіўных водных насельнікаў.