«Слодыч» зробіць лінейку печыва для рознічных крам ЗША
ААТ «Кандытарская фабрыка «Слодыч» плануе выпусціць лінейку печыва для рознічных крам ЗША, паведаміў БЕЛТА першы намеснік старшыні канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Ігар Шустаў на палях міжнароднай сельскагаспадарчай выставы «Белагра-2017».
«Сёлета ў нас цэлая праграма па асваенні рынку ЗША. Мы сустракаліся з карпарацыяй Walmart. Плануем зрабіць лінейку «Слодыча» спецыяльна для амерыканскага рынку і прадставіць у крамах амерыканскай розніцы ўжо восенню», — адзначыў Ігар Шустаў.
Таксама прадпрыемствы канцэрна актывізавалі працу па выхадзе на рынак КНР. «Мы былі ў Шанхаі, плануем паехаць у Гуанчжоу, Ганконг. Кітайская дэлегацыя да нас прыязджала, пабывала на ўсіх фабрыках. У прынцыпе, усё падабаецца. У першую чаргу яны зацікаўленыя ў куплі кандытарскай прадукцыі», — распавёў першы намеснік старшыні.