У Беларусі плануюць пабудаваць 500 заправак для электрамабіляў
У Беларусі працуе канцэпцыя па развіцці прыдарожнага сэрвісу, разлічаная да 2020 года. Згодна з ёй, у Беларусі запланаванае будаўніцтва на дарогах новых АЗС, электразаправак, гандлёвых аб'ектаў, пунктаў грамадскага харчавання. Пра гэта на прэс-канферэнцыі расказаў журналістам намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аўтадарог Мінтранса Беларусі Сяргей Лявончык, піша Tut.by.
Сяргей Лявончык адзначыў, што ў Мінтрансе ёсць зацверджаная схема з ужо існуючымі і планаванымі месцамі для аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу.
«Інвестар, які пажадаў укласці грошы ў прыдарожны сэрвіс, можа выбраць вольнае месца для будаўніцтва і звярнуцца ў мясцовыя выканкамы з заяўкай. Ахвотныя ёсць. Напрыклад, у першым квартале 2017 года на АЗС адкрыліся чатыры пункты грамадскага харчавання, у другім квартале такія пункты таксама адкрываліся. Але канчатковы вынік па новых аб'ектах нам будзе вядомы да канца года».
Што тычыцца будаўніцтва электразаправачных станцый, то іх уладкаваннем на ўжо існуючых АЗС цяпер займаецца канцэрн «Белнафтахім».
«Але ёсць ініцыятыва і ад сур'ёзнай прыватнай кампаніі, якая звярнулася ў Мінтранс з жаданнем арганізаваць электрычныя зарадныя станцыі. Сёлета яны збіраюцца заключыць інвестдагавор з аблвыканкамамі аб прадастаўленні зямельных участкаў».
Інвестар хоча стварыць каля 20 электразаправак на трасах М1 і М2, пасля гэтага ён гатовы перайсці на іншыя магістральныя дарогі і ў абласныя цэнтры. Усяго прыватнік хоча стварыць сетку з 500 электразаправак. Як хутка гэта адбудзецца — залежыць ад створаных умоў. Магчыма, для сваіх мэтаў яны будуць прыцягваць крэдытныя фінансы міжнародных банкаў.
Паводле звестак Мінтранса, на 1 студзеня 2017 года на рэспубліканскіх трасах размешчаныя 386 АЗС, 157 газазаправачных станцый, 71 гасцініца, 41 мыйка, 88 ахоўных стаянак, 437 прадпрыемстваў гандлю, 562 пункты грамадскага харчавання, 75 СТА.