БЕЛ Ł РУС

Нямецкі парламент дазволіў аднаполыя шлюбы, хоць сама Меркель галасавала супраць

30.06.2017 / 10:53

Nashaniva.com

У выпадку ўхвалення законапраекта бундэсратам прадстаўнікі сэкс-меншасцяў атрымаюць магчымасць заключаць шлюбы. Яны будуць мець тыя ж правы, што і людзі, якія знаходзяцца ў традыцыйных шлюбах, паведамляе DW.

Парламент Германіі ў пятніцу, 30 чэрвеня, большасцю галасоў ухваліў законапраект, які прадугледжвае поўнае і раўнапраўнае прызнанне аднаполых шлюбаў. За прагаласавалі 393 дэпутаты, супраць — 226, чацвёра парламентарыяў стрымаліся.

Блок партый Хрысціянска-дэмакратычны саюз і Хрысціянска-сацыяльны саюз (ХДС/ХСС), прадстаўнікі якога складаюць большасць у кіруючай кааліцыі, традыцыйна выступіў супраць прызнання аднаполых шлюбаў. Аднак 26 чэрвеня федэральны канцлер Германіі, старшыня ХДС Ангела Меркель (Angela Merkel) заявіла, што выступае за тое, каб пры магчымым у будучыні галасаванні аб дазволе шлюбаў для аднаполых пар усе дэпутаты прымалі рашэнне самастойна, «па сумленні», а не кіруючыся агульнапартыйнага пазіцыяй і выконваючы фракцыйную дысцыпліну.

Меркель галасавала супраць «шлюбу для ўсіх»

«Для мяне шлюб, паводле Асноўнага закона, гэта саюз мужчыны і жанчыны, — патлумачыла сваю пазіцыю пасля галасавання канцлер. — І таму сёння я не галасавала за гэты законапраект».

У той жа час Меркель выказала надзею, што «сённяшняе рашэнне бундэстага дадасць часцінку міру і сацыяльнага адзінства» ў жыццё нямецкага грамадства.

Да 1969 года гомасэксуальныя сувязі ў Германіі крымінальна пераследаваліся. Аднаполыя саюзы рэгіструюць у Германіі з 2001 года. Свае адносіны да 2017 года афіцыйна аформілі 34 тысячы гомасэксуальных пар. Аднак да цяперашняга часу гомасэксуальныя пары маглі зарэгістраваць свае адносіны толькі ў форме аднаполых партнёрстваў. Такія саюзы валодалі меншымі правамі, чым гетэрасэксуальныя шлюбы. У прыватнасці, яны не карысталіся льготамі пры падаткаабкладанні, прадугледжанымі ў Германіі для асоб, якія знаходзяцца ў шлюбе, не маглі усынаўляць дзяцей.

Па дадзеных сацапытанняў, большасць жыхароў Нямеччыны падтрымлівае аднаполыя шлюбы.

Друкуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула