БЕЛ Ł РУС

На Мазырскім НПЗ забаранілі карыстацца мабільнікамі

30.06.2017 / 12:58

Рабочым буйнога беларускага прадпрыемства аб новаўвядзенні паведамілі 29 чэрвеня. У бліжэйшы час на НПЗ чакаюць загаду па вытворчасці. Па словах супрацоўнікаў, тым, хто не паслухаецца, пагражае ў лепшым выпадку застацца без прэміі, у горшым — звальненне або непрацягненне кантракта.

— Учора сабраліся кіраўнікі, усе абмеркавалі, а пасля абеду начальнікі цэхаў у журнале распараджэнняў сказалі ставіць подпісы. Кажуць, сёння ўжо будзе загад па заводзе. Нам патлумачылі, што ў Расіі два заводы спынілі працу з-за нейкага віруса — вірус прайшоў па сістэме і завод стаў. Але рабочыя, шчыра кажучы, у гэта слаба вераць. Думаем, што хутчэй за ўсё гэта зроблена для таго, каб людзі не расслабляліся ў працоўны час, — распавёў TUT.BY супрацоўнік прадпрыемства.

На тэрыторыю НПЗ мабільныя тэлефоны праносіць можна, але толькі да распранальні. Калі работнік ідзе ў цэх, на ўстаноўкі, там карыстацца мабільнікам ужо нельга. Камунікацыі ўнутры прадпрыемства — па радыёсувязі або мясцовых тэлефонах.

Яшчэ адзін суразмоўца, які працуе на НПЗ, распавёў, што многія шакаваныя такім распараджэннем. Калі трапішся з мабільнікам першы раз — пазбаўляюць прэміі, у другі — могуць звольніць або не працягнуць кантракт.

— Большасць, хто працуе на устаноўках — сямейныя. І ўявіце — дзіця пайшло ў школу ці засталося адно дома. А як аднаму з бацькоў патэлефанаваць і спытаць, дзе і як ён? Ці ўсё ў парадку? Ніяк, бо нельга пад пагрозай звальнення.

Афіцыйны каментар ад кіраўніцтва Мазырскага НПЗ атрымаць не ўдалося. З начальствам сакратар прыёмнай злучаць катэгарычна адмовілася па падобных пытаннях. Намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы, да якога ўсё ж удалося датэлефанавацца, спаслаўшыся на «надзвычайную занятасць і недахоп часу» папрасіў ператэлефанаваць пасля выхадных.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула