Чаму прадпрымальнікі праводзілі форум у «Доме Масквы»? Шумчанка: «Мы на гэты конт не замарочваемся»
2 кастрычніка ў «Доме Масквы» ў Мінску прайшоў форум прадпрымальнікаў «Беларусь — краіна для бізнэсу». Яго арганізатарам было грамадскае аб’яднанне «Перспектыва». Мы спыталі ў лідара «Перспектывы» Анатоля Шумчанкі, чаму для правядзення форуму была абраная такая неадназначная пляцоўка?
Анатоль Шумчанка. Фота Сяргея Гудзіліна.
«Справа ў тым, што некалькі гадоў таму пасля зімовых пратэстаў мы збіраліся ў гасцініцы «Беларусь» (да тысячы чалавек прыходзіла). Пасля гэтага мы хацелі праводзіць форумы ці то ў «Беларусі», ці ў «Вікторыі». Паўсюль атрымлівалі адмову.
Некалькі гадоў таму мы прыйшлі ў «Дом Масквы». Растлумачылі, што ў нас эканамічны форум, не палітычныя пытанні разглядаем. Так і пачалі праводзіць там форумы. Гэта чыста тэхнічныя моманты, якія нас задавальняюць: і зал, і размяшчэнне. Усё вельмі зручна і ў плане бяспекі, і ў плане арганізацыйных момантаў.
Гасцініца «Беларусь» адмовіла — мы пайшлі ў «Дом Масквы», — тлумачыць Шумчанка.
Дом Масквы ў Мінску. Фота interfax.by.
А ці не бянтэжаць прадпрымальнікаў ідэалагічныя моманты?
«Мы на гэны конт не замарочваемся. Для мяне важна не месца, дзе мы праводзім, а змест перамоваў. Больш важнае, што кажуць там людзі. Мы ж аплочваем арэнду па дамове.
Мы ж не размаўляем там пра «рускі свет», пра Украіну. Мы востра абмяркоўваем свае пытанні — гэта галоўнае. Падтэксту шукаць не трэба.
Дзякуй гаспадарам «Дома Масквы», што яны прадставілі нам пляцоўку для выказвання сваіх думак і ідэй. Мы проста знайшлі месца, дзе нам не адмовілі.
Мы — беларусы, займаем прабеларускую пазіцыю. Абараняем свае інтарэсы. Не мае ніякага значэння дзе мы гэта будзем рабіць», — мяркуе прадпрымальніцкі лідар.
«Дом Масквы» ў Мінску з’яўляецца прадстаўніцтвам прадпрыемства «Маскоўскі цэнтр міжнароднага супрацоўніцтва». У гэтым будынку знаходзіцца рэдакцыя расійскага парталу «Спутнік».