МЗС Польшчы: Польская замежная палітыка ў дачыненні да Украіны будзе перагледжана
Міністр замежных спраў Польшчы Вітольд Вашчыкоўскі ў інтэрв'ю тэлеканалу TVP1 заявіў, што польская замежная палітыка ў дачыненні да Украіны будзе перагледжана, паведамляе Польскае радыё.
Палітык адзначыў, што ўкраінская і польская дзяржавы маюць розныя канцэпцыі яднання:
«Мы ўсведамляем, наколькі важная для нас Украіна з палітычнага пункту гледжання, наколькі важная яе незалежнасць, якая з'яўляецца істотным элементам бяспекі Польшчы. Аднак, украінцы, разумеючы гэта, вырашылі, што пытанні, якія нас падзяляюць, г.зн. гістарычныя пытанні, павінны адысці на другі ці трэці план. Але так быць не можа».
Сярод іншага, Вітольд Вашчыкоўскі адзначыў, што Польшча не пагодзіцца з тым, каб дзеянні Украінскай паўстанцкай арміі (УПА) параўноўвалі з дзеяннямі Арміі Краёвай і казалі ў дадзеным выпадку пра якую-небудзь сіметрыю.
Кіраўнік польскага МЗС заявіў, што цяпер пачалася працэдура, якая дазваляе забараніць уязджаць у Польшчу людзям, якія займаюць радыкальную антыпольскую пазіцыю — як простым украінскім грамадзянам, так і прадстаўнікам улады.
Ён нагадаў, што няма іншай такой краіны, як Польшча, якая б так актыўна абараняла інтарэсы суверэннай Украіны на міжнароднай арэне:
«Мы не пагодзімся з анексіяй украінскай тэрыторыі, парушэннем міжнароднага права і агрэсіяй з боку Расіі, аднак у двухбаковых адносінах мы будзем пытаць з Украіны».
У кантэксце таго, што нядаўна ўкраінскі бок не дазволіў палякам праводзіць эксгумацыйныя працы на тэрыторыі Украіны, Вітольд Вашчыкоўскі не выключае адмены свайго візіту і візіту прэзідэнта Анджэя Дуды ва Украіну
***