Наша надзея
Каляднае пасланьне апостальскага візытатара для беларусаў замежжа а.Аляксандра Надсана.
Каляднае пасланьне апостальскага візытатара для беларусаў замежжа а.Аляксандра Надсана.
Герой Коласавай паэмы «Новая зямля», лясьнік Міхал, жыў думкай набыць кавалак уласнай зямлі, каб запэўніць лепшую долю для сябе і сваёй сям’і. На жаль, яму не давялося бачыць зьдзяйсьненьня сваёй задумы. Зьняможаны, ён хварэў і памёр, не дасягнуўшы сваёй мэты. Аднак думка пра ўласную зямлю не пакідала яго да канца. Ягоныя апошнія словы былі зьвернуты да брата Антося, якому ён даручаў працягваць справу:
Зямля... зямля... туды, туды, брат,
Будуй яе... ты дай ёй выгляд...
На новы лад, каб жыць нанова...
У характары Міхала ёсьць нешта такое, што нагадвае старазапаветных вялікіх людзей — патрыярхаў, прарокаў, — якія жылі надзеяю ратунку, абяцанага Богам, не зважаючы на кпіны, зьдзекі і перасьлед, якія прыходзілася ім цярпець ад сваіх суайчыньнікаў. Іхняя надзея грунтавалася на непахіснай веры ў Бога і перакананьні Ягонай вернасьці сваім абяцаньням. Тым ня менш, ніводзін з гэтых вялікіх людзей, якіх, паводле сьведчаньня сьвятога Паўла, «сьвет ня быў варты», не дажыў, каб бачыць зьдзяйсьненьне сваіх спадзяваньняў. І ў гэтым ёсьць падабенства між імі і лесьніком Міхалам. Але тут яно і сканчаецца: калі Міхал імкнуўся запэўніць лепшую долю для сваёй сям’і, старазапаветныя прарокі і патрыярхі чакалі ратунку для ўсяго людзкога роду, і не дачаснага, прамінальнага, але вечнага. Гэтым ратункам было прыйсьце на сьвет Бога ў асобе Госпада Нашага Ісуса Хрыста.
Гісторыкі падаюць даты «да» і «пасьля» нараджэньня Хрыста. Для тых, хто верыць, гэта ня ўмоўны спосаб летазьлічэньня. Прыйсьце на сьвет Бога дзеліць гістрыю на два пэрыяды. Сьвяты Павал ясна выказаў значэньне гэтай падзеі: «Калі прыйшла поўня часу, Бог паслаў Сына Свайго, народжанага ад Жанчыны, народжанага пад Законам, каб адкупіць тых, што пад Законам, каб нам атрымаць усынаўленьне. А ў доказ таго, што вы — сыны, Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына свайго, які кліча: Абба, Ойча! Таму ты ўжо не нявольнік, а сын, а калі сын, то спадкаемца з волі Божай» (Гал. 4:4—7).
Іншымі словамі. Бог стаўся адным з нас, каб узьняць нас да сябе і даць нам магчымасьць удзелу ў сваім Боскім жыцьці.
Надзея грунтуецца заўсёды на веры. Той, хто ня мае веры, ня можа мець і надзеі. Сьвяты Павал пісаў да Салунянаў у справе памерлых, каб яны «не сумавалі, як усе тыя, што ня маюць надзеі» (1 Сал. 4:13). Насамрэч, для тых, хто ня вераць, месца надзеі займае ня толькі сум, але страх. Пазбаўленыя духоўнага росту («багацець у Бога», як сказана ў Эвангельлі), яны «растуць» коштам іншых і таму бачаць пагрозу для сябе ў кожным, хто думае ці захоўваецца інакш. Гісторыя дае нам шмат прыкладаў такіх людзей пры ўладзе, ад Ірада, які бачыў пагрозу для сябе ў Нявінным Немаўляці, аж да дыктатараў апошніх часоў.
Дык у гэтыя сьвятыя дні, калі ўспамінаем Нараджэньне Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, пастараемся асэнсаваць значэньне для нас усіх гэтай падзеі, і з адноўленай надзеяй чакаць той хвіліны, калі ўсе людзі стануць дзецьмі адной Божай сям’і.
Хрыстос родзіцца — слаўце Яго!
Фота photo.bymedia.net