Lenta.ru: Лукашэнкавы нацысты
Адно з найбуйнейшых інтэрнэт-выданняў Расіі lenta.ru апублікавала матэрыял Уладзімір Зотава «Бацькавы нацысты» пад падзагалоўкам «Беларускія правыя зачышчаюць краіну ад Расіі. Лукашэнка не супраць».
Канечне, найперш гаворка зайшла пра нядаўняе святкаванне Дня Волі, якое, па меркаванні выдання, адзначалі «з помпай». Lenta.ru дае колькасць удзельнікаў у 50 тысяч. Дарэчы, усе расійскія СМІ называюць лічбу большай, чым значная частка беларускіх.
«Абвяшчэнне БНР стала першай у гісторыі спробай стварыць беларускую нацыянальную дзяржаву, бо аж да развалу Расійскай імперыі прыналежнасць беларусаў да рускага народа афіцыйна пад сумнеў не ставілася», — адзначае Зотаў. Ён кажа, што для беларусаў ідэя нацыянальнай дзяржавы была чужой.
Зотаў мяркуе, што пасля развалу СССР беларускія нацыяналісты сутыкнуліся з наступнымі праблемамі: «Беларусы не хацелі пераходзіць на «беларуску мову» ў якасці адзінай дзяржаўнай мовы; прымаць новую версію ўласнай гісторыі, згодна з якой яна пачынаецца не з Старажытнай Русі, а з Вялікага Княства Літоўскага; яны не лічылі Расею і рускіх сваімі гістарычнымі ворагамі».
Аўтар расхвальвае першыя гады кіравання Лукашэнкі, маўляў, усё тады было правільна. «У Беларусі выбудоўвалася сацыяльная дзяржава, ліберальная апазіцыя і русафобы-нацыяналісты маргіналізаваліся, а сутнасць свайго народа Лукашэнка вызначаў формулай «беларусы — гэта рускія са знакам якасці».
Толькі пасля таго, як Лукашэнка ўбачыў, што не зможа стаць прэзідэнтам Расіі, ён пачаў мяняць сваю палітыку, лічыць Lenta.ru. «Фактычна, Лукашэнка пайшоў па шляху стварэння цалкам незалежнай дзяржавы», — во такі грэх ставяць ва ўкор беларускім уладам.
«Пазіцыі нацыяналістаў у сферы культуры і адукацыі пастаянна ўзмацняліся. Пачалася кампанія за пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы, якая скончылася поўным знішчэннем рускамоўнай тапанімікі: зараз усе паказальнікі на беларускіх вуліцах і трасах ўтрымліваюць надпісы на «мове», дубляваныя на лацінцы (а ў некаторых месцах і па-кітайску)», — дарэчы, пра тое самае шмат пісаў русафіл Сяргей Шыптэнка, якога арыштоўвалі па «справе Рэгнума».
«На паліцах беларускіх крамаў з'яўлялася ўсё больш тавараў з нацыянальнай сімволікай — у асноўным літоўскай і калабарацыянісцкай», — так расійскае СМІ называе Пагоню і бчб.
Але, маўляў, сапраўдны выбух нацыяналізму адбыўся пасля акупацыі Расіяй Крыма. Далей пераказваецца гісторыя Сяргея Шыптэнкі, Дзмітрыя Алімкіна і Юрыя Паўлаўца. Закрадваеца пытанне: ці не нехта з гэтай тройцы пісаў артыкул?
Адзначаецца, што перамовы з уладамі па Дні Волі вёў «шчыры русафоб» Эдуард Пальчыс.
«Тое, што адбылося 25 сакавіка ў Мінску па сутнасці пазначыла кардынальнае змяненне адносін кіруючага рэжыму і прыхільнікаў нацыяналістычных рухаў. Улада прапанавала радыкалам, і ў першую чаргу нацыяналістам, новы пакт: мы цалкам легалізуем вашу актыўнасць, а вы пераходзіце ад супрацьстаяння з дзяржавай да супрацоўніцтва з ёй», — адзначае выданне.