БЕЛ Ł РУС

Рудкоўскі: Не трэба рабіць адмену смяротнага пакарання прыярытэтам №1

26.04.2018 / 15:17

Пётра Рудкоўскі

Абмяркоўвайце!

Піша філосаф Пётра Рудкоўскі.

Калі еўрапейцы пачынаюць гаварыць пра «каштоўнаснае» вымярэнне палітыкі Еўрасаюза да Беларусі, то амаль заўсёды на першае месца выскоквае тэма «смяротнага пакарання». Часам гэта адзіная тэма з катэгорыі «каштоўнасці». Цікава бывае назіраць стандартны дыялог па гэтай тэме з прадстаўнікамі беларускіх уладаў. Беларускія ўлады кажуць, што скасаванне смяротнага пакарання — гэта мо і шляхетная, але «недэмакратычная» ідэя (бальшыня грамадзян за тое, каб яго пакінуць). Еўрапейцы ж даюць зразумець, што часам трэба павесці сябе «недэмакратычна», каб абараніць некаторыя важныя каштоўнасці.

Цалкам пагаджаюся з еўрапейскім бокам, што не ўсе каштоўнасці ўсталёўваюцца з дапамогай дэмакратычных працэдураў. Але тут пытанне ў наступным: наколькі скасаванне смяротнага пакарання з'яўляецца ключавым для гуманітарнай этыкі? 

Сам факт адсутнасці смяротнага пакарання мала што кажа пра стан чалавечнасці і маральнай развітасці грамадства. Такое пакаранне скасавана, напр. у Расеі (дэ-факта) і ў Туркменістане (дэ-юрэ і дэ-факта), але ці гатовы мы сказаць, што расейскае ці туркменскае грамадства больш гуманныя, чым, скажам ЗША ці Японія, дзе ўсцяж смяротнае пакаранне стасуецца?

Можна скасаваць смяротнае пакаранне, але пажыццёва трымаць злачынцаў у жудасных, нялюдскіх умовах. У гэтым выпадку, апроч падтрымлівання цярпення гэтых людзей, грамадства таксама мусіць аплочваць іх утрыманне, ахову, памяшканні, лекарскія паслугі ігд. А калі хочам скасаваць смяротнае пакаранне і пры гэтым гарантаваць для асуджаных больш-менш чалавечныя ўмовы жыцця ў зняволенні, то гэта спараджае шэраг дадатковых — арганізацыйных і маральных — пытанняў. 

Згодзен з тым, што варта імкнуцца да такога грамадства, дзе нават серыйным злачынцам будзе гарантавана права на жыццё. Але не згодзен з тым, што гэта павінна стаць прыярытэтам №1 у сённяшняй «каштоўнаснай палітыцы». Па-першае, варта ўсведамляць, што забіваць можна рознымі спосабамі. Можна гэта рабіць імгненна (расстрэл, электрычнае крэсла, смяротная ін'екцыя), а можна змясціць чалавека ў такія ўмовы, што ён будзе паміраць паступова (рэгулярнае збіванне, калечанне, кармленне няякаснай ежай і г.д.). Трэба лічыцца з тым, што скасаванне інстытуту імгненнага (фармальнага) смяротнага пакарання можа быць «кампенсавана» пашырэннем розных спосабаў нефармальнага смяротнага пакарання. 

Па-другое, сарцавіна праблемы са смяротным пакараннем палягае не ў самім факце яго прымянення да рэальных злачынцаў, а ў рызыцы таго, што яно можа быць прыменена да нявінных людзей — або з-за памылкі суддзяў, або ў выніку тэндэнцыйнасці. А калі так, то варта задумацца, што сапраўды лепш: ці кінуць усе сілы на скасаванне смяротнага пакарання, ці на тое, каб імавернасць памылкі ў выпадку цяжкіх пакаранняў наблізіць да нуля? Калі кінем усе сілы на дасягненне першага, а судовая сістэма ўсцяж будзе сістэматычна дапускаць памылкі, то канечны эфект будзе мала суцешным: замест людзей несправядліва асуджаных на смерць з'явяцца людзі несправядліва асуджаныя на пажыццёвую катаргу. Падаецца, што больш разумным будзе засяродзіцца на другой задачы. Хоць мне асабіста хацелася б, каб у перспектыве ў нас не было смяротных пакаранняў, але пры гэтым лічу, што інстытут смяротнага пакарання ў межах добрай судовай сістэмы — гэта лепш, чым інстытут пажыццёвага зняволення ў межах кепскай судовай сістэмы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула