У Бярозе з-за пакінутай сумкі эвакуіравалі аўтавакзал
Забытая сумка стала прычынай эвакуацыі пасажыраў і персаналу з аўтавакзала ў Бярозе, паведамілі БелТА ва УУС Брэсцкага аблвыканкама. Інцыдэнт адбыўся 4 жніўня каля 10.30.
У памяшканні залы чакання пасажыры звярнулі ўвагу на дарожную сумку, што стаяла на лаве без гаспадара. Пільныя грамадзяне паведамілі пра гэта ў міліцыю. Нарад, які прыбыў на месца, эвакуіраваў з будынка 15 чалавек.
Дзякуючы камерам відэаназірання, міліцыянты высветлілі, чыя гэта сумка. Яе пакінуў 22-гадовы жыхар Крычаўскага раёна. Ён ехаў маршрутным аўтобусам з Мінска ў вёску Вялікія Ляскавічы Бярозаўскага раёна, і сумку пакінуў на час, каб улегцы схадзіць у краму.
Выбухоўкі ў сумцы, вядома, не было.