Расіяне ўтойваюць месцазнаходжанне 23 арыштаваных крымскіх татараў
Месцазнаходжанне арыштаваных за апошнія два дні 23 крымскіх татараў на гэты момант невядома, да іх не пускаюць адвакатаў. Пра гэта паведаміў журналіст «Радио Свобода» Антон Наумлюк у Facebook.
«Адвакатам, якія спрабавалі наведаць сваіх падабаронных у ІЧУ, кажуць, што іх там няма. Актывістам, якія спрабавалі перадаць перадачы ў СІЗА, кажуць тое ж самае», — напісаў карэспандэнт.
Ён адзначае, што абарона асцерагаецца, што ўсіх арыштаваных крымскіх татараў вывезлі ў Маскву.
Нагадаем, 27 сакавіка ў анексаваным Крыме расійскія сілавікі правялі не менш за 25 ператрусаў у дамах крымскататарскіх актывістаў нібыта па справе «Хізб ут-Тахрыр». 23 чалавек затрымалі, у тым ліку тых, хто прыйшоў падтрымаць людзей, якіх абшуквалі.