Юрый Зісер і Юлія Чарняўская далучыліся да варты ў Курапатах
Фота з фэйсбука Паўла Севярынца.
Заснавальнік Tut.by Юрый Зісер і яго жонка, пісьменніца Юлія Чарняўская, на Радаўніцу наведалі Курапаты і далучыліся да варты каля рэстарана «Поедем поедім».
«Лес смутку. А вазончыкі на сеткаватым плоце — ноу-хау ўпаўнаважаных асоб. Замест крыжоў — «прыгожанькі парадачак». Пры нас пад'ехала машына, кіроўца папрасіў дзве «цікавыя ўлётачкі» і паехаў у рэстаран. Дарэчы, ніхто яму перашкод не чыніў: у падучай не біўся, не кусаў яго за нагу ці за кола і пад машыну не кідаўся. Ну, можа, камусьці перадасць улётку, хто зразумее…» — напісала ў сваім фэйсбуку Юлія Чарняўская.
Юры Зісер быў сярод ахвярадаўцаў на стварэнне народнага мемарыялу на месцы пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах.
Абаронцы мемарыяла былі вельмі ўсцешаныя сімвалічнай падтрымкай з боку Юрыя Зісера.
«Адстаялі варту БХД у Курапатах. Выходны, было каля 30 машынаў. Абаронцаў — чалавек 15 за дзень. Вялізная падзяка ўсім, хто падтрымаў!
Вольга Гулецкая прывезла яблычны пірог з кавай, Юлія Фралова зладзіла малітву на варце, Іларыён Трусаў са сцягам быў увесь вечар.
А 19-й супольную малітву на курапацкай Галгофе правялі евангельскія хрысьціяне з [царквы] Яна Прадвесніка.
Адметна, што на варту завіталі заснавальнік партала Тут.бай Юрый Зісер (які шмат ахвяраваў на мемарыял у Курапатах) і ягоная жонка культуролаг Юлія Чарняўская. Дзякуй! Верым, можам, пераможам!» — напісаў у сябе ў фэйсбуку адзін з арганізатараў пратэстаў супраць рэстарана «Поедем поедім» Павел Севярынец.