Улады Львоўскай вобласці заклікалі Зяленскага цалкам адмовіцца ад рускай мовы
Львоўская абласная рада нагадала прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму пра яго абавязак выкарыстоўваць украінскую мову падчас публічных выступаў. Адпаведны зварот аб недапушчэнні ігнаравання статусу дзяржаўнай мовы быў прыняты на пасяджэнні ў аўторак, 28 мая.
У дакуменце адзначаецца, што палажэнні Канстытуцыі Украіны абавязваюць ужываць дзяржаўную ўкраінскую мову як мову афіцыйных зносін — падчас публічных выступаў, у каментарах і інтэрв'ю.
«Мы, дэпутаты Львоўскай абласной рады, лічым, што прэзідэнт дзяржавы, якая ваюе, абавязаны цалкам выключыць рускую мову з уласнага ўжывання ў публічных сферах грамадскага жыцця, як афіцыйную мову Расіі — дзяржавы-агрэсара», — гаворыцца ў звароце.
«Улічваючы відавочнае парушэнне ўстаноўленых заканадаўчых нормаў, просім вас, прэзідэнта Украіны, не дапускаць гэтага ў далейшым і ў сваёй публічнай дзейнасці карыстацца дзяржаўнай украінскай мовай», — дадалі львоўскія дэпутаты.