БЕЛ Ł РУС

Пракуратура — рэктару МІУ: Яшчэ адзін пікет студэнтаў, і будзе адміністратыўная адказнасць

16.11.2019 / 12:16

У пятніцу, 15 лістапада, рэктара Мінскага інавацыйнага універсітэта, дзе страйкавалі студэнты, выклікалі ў пракуратуру. Мікалаю Сушу ўручылі афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэнняў патрабаванняў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, піша Tut.by.

Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY

Супрацоўнікі пракуратуры, распавядае Мікалай Суша, хацелі з першых вуснаў даведацца, што адбываецца ў ВНУ.

«Акрамя мяне, у пракуратуру выклікалі начальніка аддзела па выхаваўчай рабоце, а таксама студэнтку, якая з'яўляецца сакратаром БРСМ універсітэта, — кажа рэктар. — Сустрэча прайшла вельмі культурна і паважліва. Мне сказалі, што пракуратура запатрабавала ўсе дакументы па нашай акрэдытацыі. Цяпер спецыялісты будуць іх вывучаць».

На сустрэчы кіраўніку МІУ ўручылі папярэджанне аб недапушчальнасці парушэнняў патрабаванняў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. У дакуменце сказана: у арганізацыі і правядзенні масавага мерапрыемства ў будынку МІУ пракуратура горада Мінска выявіла парушэнні патрабаванняў Закона «Аб масавых мерапрыемствах». Масавыя мерапрыемствы, напісана ў папярэджанні, могуць праводзіцца толькі з дазволу Мінгарвыканкама.

Акрамя таго, па дадзеных пракуратуры, падчас «пікетавання» Мікалай Суша не толькі не прыняў «мер да спынення несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, але і з'яўляўся яго удзельнікам».

Рэктара папярэдзілі: калі «аналагічныя парушэнні паўтарацца», кіраўніка ВНУ могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 23.34 КаАП РБ (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула