БЕЛ Ł РУС

«Белнафтахім» адпраўляе дэлегацыю ў Казахстан наконт паставак нафты. Нур-Султан будзе думаць

15.01.2020 / 9:49

Nashaniva.com

Запыт ад Беларусі на пастаўку нафты ад Казахстана паступіў, у студзені ў рэспубліку прыедуць прадстаўнікі «Белнафтахіма», угода магчымая пры эканамічнай выгадзе для казахстанскіх кампаній, сказаў у сераду журналістам кіраўнік Мінэнерга Казахстана Нурлан Нагаеў, піша ria.ru

«Заява, просьба ад «Белнафтахіма» паступіла ў наш адрас, у адрас міністэрства. Прадстаўнікі ведамства плануюць прыехаць у Казахстан для абмеркавання пастаўкі. Мы на сённяшні дзень ажыццяўляем пастаўкі нафты па дыверсіфікаваных напрамках, і мы разгледзім прапанову беларускага боку», - сказаў Нагаеў журналістам.

Ён паведаміў, што ведамства арганізуе сустрэчу з зацікаўленымі кампаніямі Казахстана. «Калі хто-небудзь з нафтавых кампаній выявіць жаданне пры эканамічна выгаднай цане або пры ўмовах, якія іх задавальняюць, я думаю, што ўгода магчымая», - сказаў Нагаеў, дадаўшы, што перамовы плануецца правесці да 20 студзеня.

Нагадаем, што ўчора першы віцэ-прэм'ер Дзмітрый Круты па выніках нарады ў Лукашэнкі заявіў, што Беларусь накіравала камерцыйныя прапановы аб куплі нафты ва Украіну, Польшчу, Казахстан, Азербайджан і краіны Балтыі.

Азербайджан заявіў, што перамовы вяліся, Баку гатовы, але нічога канкрэтнага пакуль што няма. У Польшчы адзначылі, што немагчыма пастаўляць нафту па «Дружбе» ў аверсным і рэверсным рэжыме адначасова. Таксама пытанне транзіту нафты будзе абмеркавана падчас візіту ў Беларусь прэм'ера Латвіі Крыш'яніса Карыньша. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула