Літоўская Klaipedos nafta гатова перавальваць нафту Беларусі
У Беларусі працягваюцца рознагалоссі з Расіяй з-за імпарту нафты, таму яна просіць у краін Балтыі і іншых краін дапамогі ў перавалцы сыравіны, і літоўская кампанія Klaipedos nafta кажа, што атрымала такую просьбу ад беларускіх кліентаў, піша Delfi.
DELFI / Šarūnas Mažeika.
Гэта пацвердзіў часовы дырэктар кампаніі па нафтабізнэсе Гедрус Сабаляўскас.
«Мы атрымалі запыт ад беларускіх кліентаў адносна імпарту сырой нафты праз наш тэрмінал у студзені», — сказаў Сабаляўскас. Паводле яго слоў, Klaipedos nafta гатовая перавальваць сырую нафту з судоў.
Прадстаўніца Klaipedos nafta Арынта Бракаўскайце пацвердзіла BNS, што паступіла просьба ад «Беларускай нафтавай кампаніі».
Klaipedos nafta сцвярджае, што можа перавальваць да 3 млн тон нафты. Беларусь летась імпартавала з Расіі каля 18 млн тон нафты.
Дырэктар Клайпедскага порта па маркетынгу і агульных пытаннях Артурас Друнгілас кажа, што тэарэтычна нафту для Беларусі можна было б імпартаваць і праз нафтатэрмінал, кантраляваны кампаніяй Orlen Lietuva, аднак гэтая кампанія з'яўляецца канкурэнтам беларускіх заводаў.