Макей і Лінкявічус абмеркавалі вяртанне беларусаў з Літвы і літоўцаў з Беларусі з-за каранавіруса
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у тэлефоннай размове абмеркаваў з кіраўніком літоўскага знешнепалітычнага ведамства Лінасам Лінкявічусам вяртанне беларусаў з Літвы і літоўцаў з Беларусі з-за каранавіруса, паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.
Тэлефонная размова адбылася па ініцыятыве беларускага боку. Асноўная ўвага ў ходзе гутаркі была нададзена пытанню садзейнічання вяртанню беларускіх грамадзян з тэрыторыі Літвы ў Беларусь і літоўскіх грамадзян з тэрыторыі Беларусі ў Літву.
Уладзімір Макей выказаў удзячнасць літоўскаму ўраду за аператыўнае вырашэнне праблемных пытанняў, пастаўленых беларускім бокам на працягу апошніх дзён. «Абмеркаваны таксама магчымасці павелічэння прапускной здольнасці беларуска-літоўскай мяжы для грузавога аўтатранспарту», — дадалі ў МЗС.
Міністры дамовіліся трымаць пастаянны кантакт, каб аператыўна вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць у сувязі з крызіснай сітуацыяй па каранавірусе.