БЕЛ Ł РУС

Данія першай у Еўропе адкрывае школы. Але там месяц былі строгія меры

15.04.2020 / 09:57

Nashaniva.com

Liselotte Sabroe / Scanpix Denmark

Данія стала першай еўрапейскай краінай, якая з серады пачала адкрываць школы і дзіцячыя сады пасля ўвядзення абмежаванняў з-за пандэміі каранавіруса 12 сакавіка. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на Agence France-Presse.

Адкрывацца пачалі яслі, дзіцячыя сады і школьныя класы з 0 па 5. Пры гэтым не ўсе навучальныя ўстановы аказаліся гатовыя да працы з 15 красавіка, адзначае агенцтва. У сталіцы Капенгагене запрацавалі толькі 35% устаноў, а па ўсёй краіне заняткі пачаліся толькі ў палове з 98 камун. Астатнія папрасілі болей часу, каб адаптавацца да санітарных норм, якія працягваюць дзейнічаць. Раней адзначалася, што ўнутры памяшканняў дзеці павінны будуць знаходзіцца на большай адлегласці адно ад аднаго, стаўленне да захавання чысціні будзе стражэйшым, а пры найменшай прыкмеце захворвання дзіця тут жа будзе адпраўляцца дадому.

Чакаецца, што ўсе школы і дзіцячыя сады адкрыюцца 20 красавіка.

Колькасць выпадкаў заражэння каранавірусам у Даніі дасягнула 4 647 чалавек. Зараз у бальніцах змешчаныя 503 інфіцыраваныя, 135 знаходзяцца ў аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі, 187 пацыентаў памерлі.

У сувязі з сітуацыяй з каранавірусам урад Даніі закрыў з 14 сакавіка граніцы для замежнікаў, жыхароў краіны заклікалі не праводзіць сходы колькасцю больш за 10 чалавек. Улады таксама закрылі ўсе навучальныя ўстановы, а дзяржслужачыя, якiя не выконваюць крытычна важныя задачы, з 13 сакавіка да 13 красавіка адпраўленыя па хатах з захаваннем заробку.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула