Мітрапаліт Павел: Свядомае невыкананне санітарных норм у перыяд эпідэміі — злачынства супраць блізкіх і Бога
Фота Сяргея Гудзіліна
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі Павел заклікаў святароў і вернікаў строга выконваць санітарныя нормы і правілы, якія перашкаджаюць распаўсюджванню каранавіруса. Заява змешчана на афіцыйным партале Беларускай праваслаўнай царквы.
«На жаль, не ўсе веруючыя жыхары Беларусі і дзеці нашай Царквы паставіліся да рэкамендацый спецыялістаў Міністэрства аховы здароўя і заклікаў кіраўніцтва Царквы з належнай увагай і праз паслушэнства. Мы не зачынялі храмы і месцы для наведвання ў дні велікодных урачыстасцяў, заклікаючы ўсіх выконваць санітарныя нормы і меры засцярогі,
але нядбайнае стаўленне да нашых заклікаў, а часта і безадказнае стаўленне да выканання інструкцый па папярэджанні захворвання з боку асобных клірыкаў прывялі да выпадкаў заражэння каранавіруснай інфекцыяй шэрагу святароў, манахаў і свецкіх людзей, як з ліку прыходскіх работнікаў, студэнтаў духоўных школ, так і простых вернікаў», — заявіў Павел.
Паводле кіраўніка БПЦ, большая частка тых, хто заразіўся, пераносіць захворванне ў адносна лёгкай форме, але ёсць і тыя, хто мае патрэбу ў шпіталізацыі. Некаторыя са святароў знаходзяцца ў аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі. Ад каранавіруса 29 красавіка памёр клірык Петра-Паўлаўскага сабора Мінска, іерэй Генадзь Буцько.
— У сувязі з няпростай сітуацыяй я зноў заклікаю архіпастыраў, пастыраў, ігуменаў, ігуменняў і ўсіх верных дзяцей Беларускай Праваслаўнай Царквы прыслухацца да заклікаў Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсёй Русі Кірыла і рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя, якія праяўляюць моцны непакой за наша здароўе і нават жыццё.
Мітрапаліт заклікаў строга прытрымлівацца санітарных нормаў: падчас службаў захоўваць бяспечную дыстанцыю, устрымлівацца ад наведвання храмаў і месцаў агульнага сходу людзей пры наяўнасці прыкмет захворвання.
— Памятаеце, што нядбалае стаўленне або свядомае невыкананне санітарных нормаў, а таксама любыя заклікі ігнараваць заснаваныя на кампетэнтным меркаванні дактароў інструкцыі Кіраўніцтва Царквы ў перыяд эпідэміі з'яўляюцца не сведчаннем веры або «стаяння ў Праўдзе», але злачынствам супраць блізкіх, а значыць — і супраць Бога.
І адказваць за гэтыя злачынствы кожны вінаваты будзе перад Богам па евангельскім законе, а перад людзьмі — па законах дзяржавы.
У выпадку выяўлення адкрытага грэбавання санітарнымі нормамі клірыкі будуць падвергнутыя самым строгім кананічным законам і могуць быць прыцягнутыя да царкоўнага суда.
Святарам мітрапаліт Павел рэкамендуе здзяйсняць службы, кіруючыся сітуацыяй на месцах. У выпадку захворвання клерыкаў і пеўчых дапускаецца памяншэнне колькасці службаў. У цёплы час рэкамендуецца здзяйсняць грамадскія малітвы на вуліцы.
А ў месцах са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй службы праводзіць без удзелу вернікаў, каб не падвяргаць рызыцы магчымага заражэння людзей.
— Прашу працягваць узносіць свае малітвы аб дараванні здароўя, моцы сіл і стойкасці духу дактарам, якія стаяць на перадавой барацьбы з эпідэміяй. Усіх, хто мае магчымасць, заклікаю аказваць пасільную маральную і матэрыяльную дапамогу Міністэрству аховы здароўя, а таксама захварэлым і членам іх сем'яў.
Будзем спадзявацца на дапамогу Божую і Яго міласэрнасць, не губляючы пры гэтым разважлівасць і цвярозасць развагаў. Заклікаю ўсіх маліцца аб дараванні хутчэйшага выздараўлення захварэлым, аб супакоі душ спачылых і аб дараванні кожнаму жыхару Беларусі цярпення, крэпасці і сілы духу, шчырай веры ў Бога і надзеі на Боскую міласэрнасць, — сканчае мітрапаліт Павел.
***
Апошнім часам зафіксаваныя дзясяткі выпадкаў каранавіруса ў цэрквах і манастырах. На каранцін зачыненыя Мінская духоўная акадэмія і храм Свяціцеля Кірылы Тураўскага ў Жыровічах, 41 чалавек з манастыра і семінарыі патрапілі ў бальніцу, у архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя — пнеўманія. Каранавірус зафіксаваны ў Петрапаўлаўскім саборы ў Мінску, успышка ў манашак з Свята-Елісавецінскага манастыра.
Між тым, мітрапаліт Павел заклікаў перад Вялікаднем адмовіцца ад наведвання храмаў.