Літва будзе дабівацца санкцый ЕС да кампаній-удзельнікаў будаўніцтва БелАЭС
Літва будзе дамагацца ўвядзення Еўрасаюзам санкцый да кампаній, звязаных з праектам Астравецкай атамнай электрастанцыі (БелАЭС), у тым ліку да расійскай дзяржкарпарацыі «Расатам». Адпаведную рэзалюцыю 82 галасамі дэпутатаў (чацвёра ўстрымаліся) прыняў у аўторак Сейм Літвы, піша tass.ru.
«Заклікаем урад забяспечыць, каб ЕС увёў санкцыі ў дачыненні да аператара АЭС, у дачыненні да «Расатама» і іншых прадпрыемстваў-пасярэднікаў, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве і [ў будучым] гандлі бруднай электраэнергіяй гэтай АЭС», — гаворыцца ў рэзалюцыі.
Гэтым дакументам яго аўтары абавязваюць літоўскі Кабмін дамагацца ад Бруселя абвяшчэння БелАЭС пагрозай для насельніцтва краін-сябраў Еўрасупольнасці і блакавання вырабленай электраэнергіі. «Неабходна дамагчыся падтрымкі Еўрасаюзам прынцыповай пазіцыі Літвы пра нядопуск на еўрапейскі рынак электраэнергіі небяспечных станцый трэціх краін», — сказана ў рэзалюцыі.
Літва называе БелАЭС небяспечнай, бо лічыць, што падчас яе будаўніцтва не вытрымліваюцца міжнародныя патрабаванні ў сферы ядзернай энергетыкі. Сейм абвясціў БелАЭС пагрозай нацыянальнай бяспекі, а таксама заканадаўча забараніў куплю і экспартны пропуск яе электраэнергіі праз свае электрасеткі.
Першы блок БелАЭС плануецца запусціць сёлета.