Суд над палітвязнем Паўлаўцом перанесены — не з’явіўся сведка Аляксандр Аляксандравіч Аляксандраў
У судзе Савецкага раёна Мінска ў панядзелак павінен быў працягнуцца разгляд крымінальнай справы Кірыла Паўлаўца, якому выставілі абвінавачванне па арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), паведамляе spring96.org.
Кірыл Паўлавец быў затрыманы 4 кастрычніка пасля «Маршу вызвалення палітвязняў». Калі ён быў ужо дома, яму патэлефанавалі з незнаёмага нумара, папрасілі выйсці ва двор і адагнаць машыну. Там яго і затрымалі людзі ў балаклавах.
На наступны дзень быў суд. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве (артыкул 23.34) і ў непадпарадкаванні работнікам міліцыі (23.4). Прысудзілі 14 сутак. Але на волю ён так і не выйшаў. Была заведзеная крымінальная справа, з Акрэсціна яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага.
Згодна з вытаўленым абвінавачваннем, Кірыл Паўлавец 30 жніўня на плошчы Свабоды заклікаў да ўделу ў масавых мерапрыемствах. Перашкодзіў сваімі дзеяннямі працы транспарту, асабліва аўтобусам.
Таксама 9 жніўня — на праспекце Дзяржынскага, вул. Пушкіна, Жукава зноў перашкаджаў руху транспарту і спыняў іх нармальную працу.
На папярэднім судовым пасяджэнні пракурор хадайнічаў аб выкліку ў суд ужо вядомага па многіх працэсах сведкі — супрацоўніка Цэнтральнага РУУС Мінска Аляксандрава Аляксандра Аляксандравіча.
Аднак на сённяшняе пасяджэнне сведка так і не з’явіўся.
Абвешчаны перапынак да 30 сакавіка.