Пракурор запатрабаваў ад 7 да 16 гадоў калоніі для паліцэйскіх, якія падкінулі наркотыкі расійскаму журналісту Галунову
Пракурор папрасіў Маскоўскі гарадскі суд прысудзіць да розных тэрмінаў зняволення — ад 7 да 16 гадоў — былых паліцэйскіх, якія абвінавачваюцца ў фабрыкацыі ў чэрвені 2019 года крымінальнай справы супраць маскоўскага карэспандэнта «Медузы» Івана Галунова, паведамляе meduza.io.
Пра гэта паведаміў адвакат Аляксей Губкін, які прадстаўляе інтарэсы Дзяніса Канавалава, аднаго з абвінавачаных.
Дзяржабвінаваўца папрасіў прысудзіць да 16 гадоў калоніі Ігара Ляхаўца, ключавога фігуранта справы аб незаконным затрыманні Галунова. Пракурор запатрабаваў па 12 гадоў калоніі для яго былых падначаленых Рамана Феафанава, Максіма Уметбаева і Акбара Сергаліева, і сем гадоў — для Дзяніса Канавалава, які прызнаў віну.
Акрамя таго, пракурор папрасіў суд задаволіць грамадзянскі пазоў пацярпелага на пяць мільёнаў рублёў (каля 140 тысяч беларускіх), а таксама пазбавіць падсудных права працаваць на дзяржаўнай службе.
Справа журналіста Івана Галунова ў чэрвені 2019 года мела вялікі рэзананс і дзякуючы салідарнасці журналістаў і грамадства журналіст быў вызвалены.