Палітзняволенага Сяргея Капанца асудзілі да 5,5 гадоў калоніі. Яго абвінавацілі ў спрыянні арганізацыі беспарадкаў
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 18 мая вынеслі прысуд палітзняволенаму, члену ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Сяргею Капанцу, паведамляюць праваабаронцы.
За падзеі 9-11 жніўня ў Мінску яго асудзілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 293 і ч. 1 арт. 342. Сяргея абвінавацілі ў садзейнічанні Сцяпану Пуцілу, Раману Пратасевічу і іншым асобам у арганізацыі масавых беспарадкаў, а таксама ў распаўсюдзе ўлётак, перададзеных яму Юрыем Васкрасенскім, і каардынаванні руху людзей ад ГЦ «Спектр» да адміністрацыі Першамайскага раёна пасля закрыцця ўчасткаў для галасавання 9 жніўня.
Таксама Капанца абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту 10 і 11 жніўня на вуліцы Прытыцкага і праспекце Пушкіна ў Мінску.
Сяргей віны не прызнаў. Палова судовага працэсу прайшла ў закрытым рэжыме праз вывучэнне матэрыялаў з экстрэмісцкага тэлеграм-канала. Суддзя Вікторыя Шабуня пакарала палітвязня 5,5 гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Менавіта такое пакаранне запрошваў пракурор Іван Процкі.