БЕЛ Ł РУС

Пераможцам «Амбасовішча» стаў «Хуткі смоўж»

25.06.2009 / 10:21

Nashaniva.com

Другое месца заняў гурт «ДзеціДзяцей» (Мінск), трэцяе — сталічны гурт Unia.

Пераможцам пятага фестывалю беларускай музыкі «Амбасовішча» стаў гурт «Хуткі смоўж» з Магілёўскай вобласці. Выканаўцы набралі 53 галасы гледачоў.

Другое месца з 45 галасамі заняў гурт «ДзеціДзяцей» (Мінск), трэцяе — сталічны гурт Unia (44 галасы).

Фестываль па традыцыі прайшоў у рэзідэнцыі амерыканскага пасла ў Раўбічах пад Мінскам.

У ім узялі ўдзел 11 гуртоў з розных рэгіёнаў Беларусі, якія прадстаўляюць розныя музычныя жанры. Перад прысутнымі выступілі беларускі ўдзельнік «Еўрабачання‑2009» Пётр Ялфімаў і амерыканскі гурт The Gifted Children (штат Нью‑Йорк).

Часовы павераны ў справах ЗША у Беларусі Джонатан Мур адзначыў у інтэрв’ю БелаПАН, што праз некалькі тыдняў пакідае краіну ў сувязі з завяршэннем сваёй місіі. «Я не вельмі рады таму, што з’язджаю, паколькі не давёў да канца тое, што хацеў», — сказаў дыпламат. Сярод поспехаў сваёй місіі Мур адзначыў фестываль «Амбасовішча», які стаў для яго чацвёртым.

Паводле слоў Мура, фестываль перадусім прысвечаны свабодзе: «Гэта свята свабоды слова, свабоды выказвання. Гэта магчымасць быць разам і слухаць таленавітых музыкантаў».

Марына Рахлей, БелаПАН

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула