БЕЛ Ł РУС

Этнолаг, якая працуе ў Польскай акадэміі навук, распавяла, якім бачыць новае пакаленне беларусаў

25.07.2021 / 19:43

Nashaniva.com

Прафесар Ганна Энгелькінг, этнолаг, якая працуе ў Інстытуце славістыкі Польскай акадэміі навук, распавяла ў інтэрв’ю выданню «Беларусы і рынак», якім бачыць новае пакаленне беларусаў.

«Новае беларускае пакаленне — гэта фенаменальнае ўвасабленне еўрапейскасці ў яе найбольш пазітыўным выглядзе, гэта значыць — дэмакратычная адкрытасць, ініцыятыва, супольныя дзеянні дзеля паляпшэння цэлага грамадства, адначасова — падтрымка роўнасці. Гэта найбольш пазітыўныя дэталі еўрапейскага праекта, якія добра засвоіла пакаленне новай Беларусі, накіраванае ў Еўропу. 

А другі аспект: гэтае пакаленне — носьбіт традыцыйных беларускіх каштоўнасцяў, якія арганічна гарманізуюцца з такой еўрапейскай ненацыяналістычнай дэмакратычнай адкрытасцю. Традыцыйныя каштоўнасці, якія былі паказаныя падчас рэвалюцыйных падзеяў мінулага, — мірны неагрэсіўны рух, без нянавісці, які прымае і тых, хто ёсць на іншым баку, яны таксама нашы, і мэтай ёсць далучэнне іх у праект новай Беларусі. Традыцыйныя каштоўнасці беларусаў (маю на ўвазе перадусім жыццё, годнасць і справядлівасць) аказаліся надзвычай актуальнымі і сучаснымі для Еўропы.

Базай для мірнага праекту новай Беларусі стала такая вартасць, характэрная для беларускай культуры, як каштоўнасць жыцця. Нельга не адзначыць i ролю жанчын, можна паглядзець на Святлану Ціханоўскую і на жанчын, якія выступілі супраць гвалту. Яны ўвасабляюць неагрэсіўны дух жанчын, які мае два крылы — годнасць і справядлівасць. Гэта галоўныя лозунгі і галоўная вартасць беларускiх зменаў. Гэтыя каштоўнасці не з’явіліся з паветра толькі сёння. Яны маюць вельмі глыбокія карані ў традыцыйнай беларускай культуры, у якой перадусім стаіць чалавек, а не нейкая ідэалогія», — мяркуе прафесар Ганна Энгелькінг.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула