Чаму нават на вуліцы варта насіць маску, каб абараніцца ад кавіду — даследаванне
Вядома, што нашэнне маскі ў памяшканні зніжае рызыку захварэць на кавід. Але цяпер навукоўцы сцвярджаюць, што і на вуліцы, калі вакол шмат людзей, варта надзець на сябе маску. Асабліва калі надвор’е ветранае.
Фота depositphotos.com.
Вучоныя высветлілі, што калі чалавек кашляе на вуліцы, вецер можа перанесці вірусныя часцінкі (у тым ліку і вірус кавіду) больш далёка, чым іх перанесла б паветра ў бязветраных умовах.
Таму калі чалавек, інфіцыраваны кавідам, кашляе ў накірунку, які супадае з накірункам ветра, гэта павышае рызыку распаўсюду віруса, піша inews.co.uk.
Даследаванне правялі навукоўцы з Індыйскага інстытута тэхналогій. З дапамогай мадэліравання яны высветлілі, што нават лёгкі вецер з хуткасцю 8 км/гадз патрабуе падоўжыць сацыяльную дыстанцыю на 20% - з 1-2 метраў да 1,1-2,2 метраў. Адпаведна, калі хуткасць ветра складае 15-17 км/гадз, вірус разносіцца яшчэ на 10-15% больш далёка.
Варта прымяняць на вуліцы і іншыя меры рэспіраторнага этыкету, напрыклад, кашляць у локаць або адварочвацца падчас кашлю ад іншага чалавека. Такія меры таксама зніжаюць верагоднасць распаўсюду віруса.