Банк Расіі прыпыніў валютныя інтэрвенцыі
Банк Расіі прыпыніў валютныя інтэрвенцыі. Ён не праводзіў іх падчас таргоў 28 лютага. Пра гэта заявіла старшыня ЦБ Эльвіра Набіуліна, піша РБК.
Эльвіра Набіуліна. Фота РБК
«У сувязі з абмежаваннямі на выкарыстанне золатавалютных рэзерваў у далярах і еўра сёння інтэрвенцыі намі не праводзіліся. Урад абвясціў рашэнне аб увядзенні абавязковага продажу 80% экспартнай выручкі. Гэтая мера дазволіць забяспечыць раўнамерную прапанову замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку для задавальнення патрэбаў імпарцёраў і грамадзян. Пры гэтым мы рэалізуем шэраг крокаў, накіраваных на абмежаванне вывазу капіталу нерэзідэнтамі», — сказала Набіуліна.
Рэгулятар на фоне ваеннай аперацыі ва Украіне сутыкнуўся з санкцыямі. Еўрасаюз забараніў сваім грамадзянам усе транзакцыі з Банкам Расіі і асобамі, якія дзейнічаюць ад яго імя і па яго ўказанні, гэта азначае фактычна замарозку яго рэзерваў за мяжой. Такую пастанову прынялі ЗША: расійскі ЦБ не ўнесены ў блакуючы спіс SDN, але грамадзяне ЗША больш не могуць праводзіць з ім аперацыі, а таксама з Мінфінам і Фондам нацыянальнага дабрабыту. Да санкцый далучылася і Японія.