МЗС Францыі: Неўзабаве ва Украіну прыбудуць яшчэ 6 гаўбіц «Цэзар»
Чарговая партыя з шасці абяцаных УСУ французскіх самаходных артылерыйскіх установак «Цэзар» ужо на шляху ва Украіну, заявіла кіраўніца французскага МЗС Катрын Калона. 12 такіх гаўбіц ўжо дастаўленыя ва Украіну раней, адзначыла яна на пасяджэнні камісіі французскага Сената.
САУ «Цэзар». Фота: AP Photo/Christophe Ena
«Мы прынялі рашэнне не гаварыць пра ўсе нашы ваенныя пастаўкі», — сказала міністарка, маючы на ўвазе пастаўкі зброі.
У гаўбіцы «Цэзар» стандартны калібр НАТА — 155 мм. Максімальная далёкасць стральбы аскепкава-фугасным снарадам ERFB — 41 км, актыўна-рэактыўным снарадам — 46-49 км. Гэта вельмі эфектыўная сучасная зброя.
Акрамя «Цэзараў», Францыя пастаўляе Украіне амуніцыю і супрацьтанкавыя ракеты Milan.