Праз тры гады пасля адкрыцця навукоўцы дабраліся да самага высокага дрэва Амазоніі
Праз тры гады пасля адкрыцця, зрабіўшы перад тым чатыры няўдалыя экспедыцыі, навукоўцы нарэшце дабраліся да самага высокага дрэва Амазоніі. Ім давялося два тыдні прабірацца праз густыя джунглі па гарыстай мясцовасці, піша ABC News.
Самае высокае дрэва Амазоніі знаходзіцца ў запаведніку ракі Іратапуру на поўначы Бразіліі. Вышыня расліны — 88,5 метра, а дыяметр — амаль дзесяць метраў. Яна адносіцца да віду Dinizia excelsa. З-за чырвона-бурага адцення драўніны яго называюць «чырвоны анёл».
Навукоўцы выявілі дрэва ў 2019 годзе падчас аналізу паказчыкаў ліда́ра на борце самалёта, які аблятаў джунглі. Практычна адразу ж да Dinizia excelsa адправілі першую экспедыцыю. Але ў каманды эколагаў, гідаў і навукоўцаў не хапіла сілаў і запасаў харчавання — праз дзесяць дзён група вярнулася назад.
Яшчэ тром экспедыцыям удалося дабрацца да іншых гіганцкіх дрэў, сярод якіх самы высокі бразільскі арэх Амазоніі вышынёй 66 метраў. А вось Dinizia excelsa змаглі знайсці толькі ў верасні 2022 года ў ходзе пятай экспедыцыі.
Каманда з 19 чалавек прайшла 250 кіламетраў на лодцы па рачных парогах, затым 20 кіламетраў пешшу па горных джунглях. Даследчыкі сабралі каля дрэва лісце, глебу і іншыя ўзоры. Яны дапамогуць вызначыць узрост гіганцкай расліны. Папярэдне ёй 400-600 гадоў.
Самым высокім дрэвам у свеце лічыцца секвоя вечназялёная па мянушцы Гіперыён, якая расце ў нацпарку Рэдвуд на поўначы Каліфорніі. Яе вышыня — каля 116 метраў.