У Мінску да «хатняй хіміі» асудзілі 19-гадовага палітвязня
У Кастрычніцкім судзе Мінска 12 снежня вынесены прысуд палітзняволенаму Мікіту Саідаву, абвінавачанаму ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса), а таксама па ч. 1 арт. 328 — незаконны абарот наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, піша «Вясна».
Справу разглядала суддзя Іна Сівец.
19-ці гадовага палітзняволенага Мікіту Саідава затрымалі 8 жніўня 2022 года спачатку па адміністрацыйнай справе, а затым па крымінальнай і да суда ўтрымлівалі ў следчай турме №8 у Жодзіне.
Судовы працэс пачаўся 9 снежня. Пакуль вядома, што Мікіта Саідаў прымаў актыўны ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года. Ягоная нібыта датычнасць да незаконнага абароту наркатычных сродкаў аніяк не паўплывала на прысуд.
Суд прызнаў Саідава вінаватым і асудзіў да абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два з паловай гады.