БЕЛ Ł РУС

ISW: Вялікія планы Шайгу наўрад ці паўплываюць на ход вайны

22.12.2022 / 8:29

Nashaniva.com

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у чарговай зводцы-аналізе разбірае заявы міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу і прэзідэнта Уладзіміра Пуціна на калегіі мінабароны аб павелічэнні расійскай арміі і стварэнні новых дывізій. Аналітыкі ISW мяркуюць, што хуткае нарошчванне колькасці арміі расійская эканоміка не пацягне.

Фота: AP

ISW нагадвае, што Шайгу прапанаваў стварыць новы армейскі корпус і 17 новых дывізій, у тым ліку тры — у акупаваных частках Херсонcкай і Запарожскай абласцей Украіны.

«Вельмі малаверагодна, каб Крэмль змог сфарміраваць такія вялікія канвенцыйныя сілы ў такія тэрміны, каб яны паўплывалі на ход вайны ва Украіне. Фарміраванне дывізій — гэта дорага і патрабуе часу», — пішуць аналітыкі ISW.

Яны нагадваюць, што Расія не змагла запоўніць штат нават наяўных брыгад і палкоў да ўварвання ва Украіну і не сфарміравала да 2022 года цалкам тую дывізію, пра стварэнне якой было абвешчана ў 2020 годзе.

«Расійская эканоміка ў рэцэсіі, і яе здольнасць ствараць дывізіі з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну істотна скарацілася», — лічыць ISW.

У той жа час, адзначаюць амерыканскія аналітыкі, Расія, магчыма, з часам зможа ажыццявіць абвешчаныя міністрам Шайгу планы — але толькі калі вырашыць ахвяраваць дзеля гэтага дабрабытам насельніцтва, як гэта рабілі ў СССР. У гэтай сувязі ISW нагадвае, што Пуцін на калегіі мінабароны запэўніў Шайгу і ваенных, што армія атрымае ўсё, што лічыць неабходным.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула