БЕЛ Ł РУС

У цэнтры Мінска дагэтуль стаіць бяроза, якая не скінула лісты. Што з ёй не так?

22.12.2022 / 23:12

Nashaniva.com

На мінскім праспекце Незалежнасці каля Палаца Рэспублікі дагэтуль стаіць бяроза з лістамі, прытым многія з іх зялёныя. Яе, здаецца, зусім не хвалюе, што прыйшла зіма, выпаў снег і ўдарылі маразы. Чаму дрэва не скінула лісце, агенцтву «Мінск-Навіны» расказаў старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі інтрадукцыі драўняных раслін Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі Міхаіл Рудзевіч.

«Адной з прычын гэтай з'явы стала магутная асвятляльная лямпа, якая знаходзіцца побач з бярозай, — тлумачыць спецыяліст. — Не ведаю, наколькі моцна яна можа сагрэць дрэва. Але

на пажаўценне і скіданне лісця ўплывае менавіта працягласць светлавога дня. Ліхтар «падманвае» расліну.

У нармальных умовах бярозы мяняюць афарбоўку з верасня. У залежнасці ад надвор'я да першай дэкады лістапада лістота ападае. Тут жа з-за штучнага асвятлення яна працягвае вегетаваць».

Таксама спецыяліст расказаў, што на стан бярозы маглі паўплываць трубаправоды цеплавых сетак. Камунікацыі падаграюць глебу і паветра, што таксама ўплывае на тэрміны скідання лістоў.

Калі тэмпература апускаецца ніжэй за +16 °C, расліна разумее, што наступіла восень. Яна забірае з лісця зялёны пігмент — хларафіл, таму што ў ім утрымліваецца шмат азоту. Жыццёва важны элемент працягвае акумуляваць у ствале, галінах і каранёвай сістэме. А паколькі гэтаму дрэву цёпла, то з надыходам маразоў лісце «закансервавалася».

«Для расліны гэта дрэнна — яна не забрала з лістоты неабходныя карысныя рэчывы, — робіць выснову Міхаіл Рудзевіч. —

Канцы парасткаў не паспелі адраўнець, таму яны альбо падмерзнуць, альбо пажухнуць. Калі пры будаўнічых работах не былі абрэзаныя карані дрэва, то думаю, што вясной яно зможа аднавіцца. Але выгляд у яго будзе не найлепшы».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула