БЕЛ Ł РУС

Зяленскі прыехаў у сяло Ягаднае Чарнігаўскай вобласці, пабываў у «склепе смерці» і агучыў пажаданне Пуціну

3.04.2023 / 15:23

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прыехаў у Ягаднае Чарнігаўскай вобласці, жыхароў якога расіяне падчас акупацыі трымалі ў падвале, паведамляе «Укрінфарм».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прыехаў у Ягаднае Чарнігаўскай вобласці. Фота: «Укрінфарм»

Зяленскі пабываў у «склепе смерці» і пагутарыў з мясцовымі жыхарамі, якія перажылі акупацыю.

«Мясцовыя жыхары, і дарослыя, і дзеці, прайшлі тут катаванні. Я вельмі дзякую ім за тое, што выжылі, змаглі дачакацца нашых воінаў, расказаць усяму свету пра трагедыю, якую прынесла РФ, расійскія ваенныя разам з іх кіраўніцтвам, з іх прэзідэнтам», — сказаў Зяленскі.

Ён адзначыў, што мясцовым прыйшлося перанесці пакуты, катаванні, бесчалавечнае стаўленне.

«Каля 400 чалавек жылі ў Ягадным да акупацыі, і каля 370 з іх пабывалі ў гэтым падвале», — паведаміў Зяленскі.

Разам з кіраўніком дзяржавы ў Ягаднае прыехалі віцэ-канцлер Германіі Роберт Габек, пасол Германіі ва Украіне Анка Фельдгузэн, а таксама кіраўнік АП Андрэй Ярмак.

«Вельмі важна, што тут разам з намі нашы партнёры, якія самі ўсё бачаць. Вельмі важна бачыць, што адбывалася ў такіх падвалах, каб разумець, дапамагаць Украіне…

Магу дадаць толькі адно: усё гэта [катаванні, бесчалавечнае стаўленне] магу пажадаць прэзідэнту Расіі, правесці рэшту свайго жыцця ў падвале, з вядром замест туалета», — дадаў Зяленскі.

Фота: Уладзімір Тарасаў / «Укрінфарм»

Cяло Ягаднае Чарнігаўскай вобласці каля месяца знаходзілася пад расійскай акупацыяй і было вызваленае ўкраінскімі вайскоўцамі 30 сакавіка 2022 года. Праз некалькі дзён пасля акупацыі войскі РФ уладкавалі свой штаб у мясцовай школе, а ў падвал сагналі больш за 300 чалавек, сярод якіх былі і дзеці.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула