Да «экстрэмісцкіх» аднеслі сацсеткі былой карэспандэнткі «Рэгіянальнай газеты»
Улады працягваюць ціск на «Рэгіянальную газету». Следам за арыштам галоўнага рэдактара Аляксандра Манцэвіча ў пералік «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі кантэнт сацсетак і нават акаўнт колішняй супрацоўніцы выдання, піша БАЖ.
Зоя Хруцкая
Рашэннем суда Маладзечанскага раёна ад 27 сакавіка «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаная інфармацыйная прадукцыя акаўнта ў сацсетцы Instagram з назвай «Рэгіянальная газета».
Той жа суд пастанавіў надаць аналагічны «ярлык» старонкам у сацсетках былой журналісткі «Рэгіянальнай газеты» Зоі Хруцкай. Прынамсі ў рэзулятыўнай частцы пазначана, што «падлягае неадкладнаму выкананню» пастанова аб прызнанні «экстрэмісцкім» кантэнту ў сацсетцы ўкантакце з назвай «Зоя Хруцкая».
Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, да большасці дзейных і былых супрацоўнікаў «Рэгіянальнай газеты» ў сакавіку наведваліся з аглядамі і апытаннямі прадстаўнікі праваахоўных структур, цяпер журналісты пад падпіскамі аб «неразгалошванні».
15 сакавіка сілавікі зладзілі ў Вілейцы ператрус дома ў галоўнага рэдактара і заснавальніка выдання Аляксандра Манцэвіча. Праз два тыдні пад вартай Следчы камітэт інкрымінаваў яму крымінальны артыкул 369-1 (распаўсюджванне заведама ілжывых звестак, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады).
Раней у пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў ужо трапілі афіцыйны сайт выдання — rh.by, карпаратыўны тэлеграм-канал, а таксама старонка ў расійскай сацсетцы УКантакце.