БЕЛ Ł РУС

Што з будаўніцтвам новых станцый метро ў Мінску

20.06.2023 / 8:31

Nashaniva.com

Будаўніцтва трох станцый Зеленалужскай лініі метро — «Аэрадромнай», «Немаршанскага саду», «Слуцкага гасцінца» — у самым разгары. Кіраўнік дырэкцыі будаўніцтва Мінскага метрапалітэна Павел Царун расказаў «Мінск-Навінам» пра ступень гатоўнасці аб'ектаў.

Фота: «Мінск-Навіны»

«Аэрадромная»

Канструкцыі станцыі цалкам узведзеныя. Працягваецца аздабленне, у тым ліку кладка каменя. Выконваецца мантаж эскалатараў, ліфтавага і іншага тэхналагічнага абсталявання.

Больш за тое, ужо забетанаваныя верхнія збудаванні шляхоў з мантажом хадавой рэйкі.

«Немаршанскі сад»

Будаваць гэтую станцыю пачалі пазней, чым «Аэрадромную». Цяпер там таксама выконваюцца працы па аздабленні. Да канца 2023-га пастаўлена задача іх завяршыць.

Неўзабаве пачнецца мантаж эскалатараў і ліфтавага абсталявання.

«Слуцкі гасцінец»

Станцыю пачалі будаваць самай апошняй з трох. Цяпер працягваюцца маналітныя працы станцыйнага комплексу, якія неабходна скончыць да канца года, і выконваецца аздабленне ўжо пабудаваных канструкцый.

Пачалі будаваць тупікі за станцыяй і ўмацоўваць катлаван аднаго з уваходаў. На другім уваходзе вядуцца маналітныя жалезабетонныя працы з гідраізаляцыяй.

А што далей?

— З генпадрадчыкам — «Мінскметрабудам» — ужо заключаны дагавор на падрыхтоўку тэрыторыі для ўзвядзення чатырох станцый у напрамку Зялёнага Луга: «Парку Дружбы народаў», «Камароўскай», «Пярэспы» і «Прафсаюзнай», — адзначыў П. Царун.

У адпаведнасці з тэхналогіяй збудавання тунэлі ў бок цэнтральнай часткі горада будуць узводзіць ад станцыі «Парк Дружбы народаў». За межы зоны будаўніцтва станцый ужо выносяцца інжынерныя сеткі, будуць пабудаваны аб'езды.

Гэта неабходна, каб збудаваць катлаван для наступнага мантажу і запуску механізаванага шчытавога комплексу, якому і трэба будзе закрытым спосабам капаць тунэлі, і пачаць паэтапнае ўзвядзенне канструкцый станцыйнага комплексу «Парк Дружбы народаў» з тупікамі.

Асаблівасць будаўніцтва будучых станцый у тым, што на гэтым участку высокі ўзровень грунтавых вод, таму там, дзе будуць праводзіцца працы, прыйдзецца выконваць водапаніжэнне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула