На Кафедральнай плошчы ў Вільні сучаснымі сродкамі аднавілі замкавую браму
Дзень Літоўскай дзяржавы адзначаецца штогод 6 ліпеня, ён прымеркаваны да каранацыі караля Міндоўга ў 1253 годзе. Наконт дакладнай даты і месца каранацыі дагэтуль вядуцца спрэчкі, бо літоўскія даследчыкі лічаць, што яна адбылася ў Вільні або Кернаве, польскія і беларускія — што ў Новагародку, дзе знаходзіўся княжацкі двор.
Эпоха барока на інтэрактыўнай браме ў Вільні. Фота: тэлеграм-канал ArchiDucatus
Сёлета адзначаецца якраз 770-годдзе з моманту каранацыі. З нагоды гэтай даты па Старым горадзе пройдзе ўрачыстае трыумфальнае шэсце ад Вострай брамы да Палаца вялікіх князёў на Кафедральнай плошчы. На плошчы, да якой выходзіць адна з найбольш старажытных вуліц горада, Замкавая (Pilies g.), шэсце пройдзе праз усталяваную інтэрактыўную браму.
Эпоха Рэнесансу на інтэрактыўнай браме пераймае формы суседняга Палаца вялікіх князёў літоўскіх. Побач гранітныя блокі пазначаюць гістарычныя габарыты Замкавай брамы. Фота: тэлеграм-канал ArchiDucatus
Брама з перыядычнасцю ў некалькі хвілін цалкам змяняе сваё аблічча, распавядаючы пра розныя стылістычныя і гістарычныя эпохі Літвы. Беларусам, якія на працягу стагоддзяў мелі супольную з літоўцамі гісторыю, сюжэты і асобы, што дэманструюцца ў віртуальных нішах брамы, будуць добра знаёмыя.
Позняе барока і класіцызм прадстаўлены вялікімі князямі, каталіцкімі і яўрэйскімі рэлігійнымі дзеячамі. Фота: тэлеграм-канал ArchiDucatus
Першая эпоха — гэта старажытнасць, паказаная абагульненымі формамі раманскай архітэктуры, якая, здаецца, уласна на тэрыторыі цяперашняй Літвы, не бытавала, і першымі літоўскімі валадарамі. Далей ідуць эпохі сярэднявечнай готыкі, рэнесансу, барока, класіцызму XVIII стагоддзя, дзе вялікіх князёў літоўскіх змяняюць магнаты, рэлігійныя дзеячы, найбольш значныя творы літаратуры, у тым ліку Статуты ВКЛ. Эпоху рамантызму XIX стагоддзя ілюструюць партрэты дзеячаў літоўскага нацыянальнага адраджэння і першыя літоўскія выданні, а эпоху мадэрнізму XX стагоддзя — гісторыя супраціву савецкай акупацыі.
Брама ў формах літоўскага Сейма распавядае пра супраціўленне савецкай акупацыі. Фота: тэлеграм-канал ArchiDucatus
З’яўленне інтэрактыўнай брамы на гэтым месцы зусім невыпадковае. Кафедральная плошча сфарміравалася ў межах сцен Ніжняга замка. Ад гэтых умацаванняў засталося не так шмат, як і ў большасці гарадоў. Старадаўнія муры, якія страцілі сваю абарончую функцыю і заміналі развіццю горада, былі разабраныя або ўключаныя ў новыя камяніцы. Найбольш добра і пазнавальна ад былых умацаванняў Ніжняга замка захавалася хіба што адна з вежаў, перабудаваная ў званіцу сабора Святога Станіслава.
Замкавая брама на макеце-рэканструкцыі віленскіх замкаў
Меліся ў Ніжняга замка і брамы, галоўная з іх была паўднёвая, ад якой адыходзіла Замкавая вуліца. Пазней тут, у будынку над брамай, засядаў Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага, вышэйшы апеляцыйны суд краіны, які таксама праводзіў свае сесіі ў Менску (будынак Трыбунала знішчаны разам з Замчышчам) і Новагародку. Выява гэтага будынка з арачным праездам захавалася на малюнку 1835 года, выкананым Юзафам Азямблоўскім, дарэчы, ураджэнцам Менска.
Будынак Трыбунала ВКЛ з брамай на малюнку Юзафа Азямблоўскага, 1835
У час апошняй рэканструкцыі Кафедральнай плошчы ў Вільні архітэктары чырвоным гранітам пазначылі абрысы ранейшых замкавых сцен, вежаў, біскупскага палаца і брам. Паўднёвая замкавая брама, якая вяла да брамы велікакняскага палаца, абазначана некалькімі масіўнымі гранітнымі блокамі, якія дадуць добрае ўяўленне пра габарыты колішняга збудавання. Менавіта побач з гэтым месцам і была ўзведзена святочная інсталяцыя, як бы аднаўляючы гістарычную пераемнасць.