БЕЛ Ł РУС

У Гамбургу беларуса затрымалі па справе аб крадзяжы з узломам

12.07.2023 / 09:08

Nashaniva.com

У нямецкім Гамбургу затрымалі 24-гадовага беларуса і 33-гадовага немца па падазрэнні ва ўзломе і крадзяжы грошай і каштоўнасцяў з прыватнага дома. Пра гэта паведамляе сайт «Беларусь і свет» са спасылкай на мясцовую паліцыю.

Ілюстрацыйнае фота: facebook.com/polizeibrandenburg

Злачынства адбылося яшчэ 8 жніўня 2022 года ў адным з багатых кварталаў Гамбургу — Фольксдорфе, на вуліцы Вітрае. Двое невядомых праніклі ў жыллё праз дзверы падвала і абабралі яго. Аднак іх дзеянні зафіксавала камера назірання. Пазней быў абвешчаны вышук, апублікаваныя фота і апісанне знешнасці правапарушальнікаў.

А раніцай 5 ліпеня 2023 года падазраваных затрымалі. У тым ліку было выдадзена 4 ордары на ператрус: жыллё абодвух мужчын у кварталах Барэнфельд і Хохенфельдэ, а таксама бацькоўскага дома беларуса ў квартале Луруп і дома сяброўкі немца ў горадзе Пінеберг, зямля Шлезвіг-Гальштэйн.

У ходзе аперацыі сышчыкі знайшлі мноства доказаў. У жыллі 33-гадовага мужчыны яны таксама канфіскавалі наркотыкі ў вялікай колькасці і каля 3 тысяч еўра, як мяркуецца, атрыманых ад абароту псіхатропаў.

Расследаванне, у прыватнасці ацэнка канфіскаваных доказаў, працягваецца. Акрамя таго, правяраецца, ці могуць падазраваныя быць адказнымі за іншыя крадзяжы з узломам. У дачыненні да немца распачалі таксама справу па падазрэнні ў гандлі наркотыкамі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула