БЕЛ Ł РУС

Платныя медпаслугі па выхадных і святах будуць аказваць 39 бальніц і РНПЦ

14.07.2023 / 12:01

Nashaniva.com

Урад прыняў рашэнне паўтарыць эксперымент па аказанні платных медыцынскіх паслуг дзяржустановамі аховы здароўя па выхадных і святочных днях, гэта прадугледжана пастановай №453 ад 12 ліпеня, якая афіцыйна апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, піша «Спутнік».

Фота: dulebenets.com

Першы такі эксперымент праводзіўся ў Беларусі з 1 мая 2022 года па 1 мая 2023 года.

Тады ў пералік медустаноў, якія ўдзельнічаюць у эксперыменце, увайшло 18 бальніц і навукова-практычных цэнтраў, цяпер гэты спіс павялічаны больш чым у два разы.

Так, згодна з новай пастановай, гэтым разам платныя медпаслугі па выхадных і святах будзе аказваць 39 устаноў аховы здароўя. Сярод іх навукова-практычныя цэнтры, бальніцы Мінска, абласныя бальніцы, а таксама Барысаўская і Лідская цэнтральныя раённыя бальніцы.

Там людзі змогуць атрымаць платныя медыцынскія паслугі, якія адносяцца да планавай першаснай, спецыялізаванай, высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі, акрамя медпаслуг, якія аказваюцца дзецям, і па трансплантацыі органаў і тканак.

Новы эксперымент таксама працягнецца 13 месяцаў, стартуе ён 1 жніўня 2023 года, а скончыцца 1 верасня 2024-га.

Міністэрству аховы здароўя даручана да 1 кастрычніка 2024 года прааналізаваць вынікі гэтага эксперымента і прадставіць у Саўмін справаздачу з прапановамі, як удасканаліць парадак аказання беларусам платных медыцынскіх паслуг у дзяржаўных установах аховы здароўя.

Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула