БЕЛ Ł РУС

«Абмеркаванні рэальныя». Польшча, Літва, Латвія могуць супольна закрыць мяжу з Беларуссю

28.07.2023 / 13:33

Nashaniva.com

«Магчымасць закрыцця мяжы існуе. Пытанне, як далёка пойдзе беларускі рэжым, безумоўна, узгадніўшы з расійскім рэжымам. Якія паўнамоцтвы будуць дадзены «Вагнеру», — сказаў намеснік міністра ўнутраных спраў Літвы Арнольдас Абрамавічус.

У выпадку ўзнікнення правакацый на мяжы з Беларуссю, Літва, Польшча і Латвія могуць прыняць супольную пастанову аб закрыцці мяжы, заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Літвы Арнольдас Абрамавічус, піша Delfi.

«Абмеркаванні рэальныя», — заявіў у пятніцу журналістам Абрамавічус, каментуючы ўчорашнюю заяву міністра ўнутраных спраў Польшчы Марыюша Камінскага. На гэтым тыдні на пытанне аб тым, ці разглядаецца рашэнне пра закрыццё пунктаў пропуску з Беларуссю, кіраўнік МУС Польшчы адказаў, што такая магчымасць будзе ўзгодненая з Літвой і Латвіяй.

На ўсходняй мяжы NATO Польшча сутыкаецца з даволі вялікім наплывам нелегальных мігрантаў, арганізаваным беларускім рэжымам. Выклікае трывогу і перакідка байцоў расійскай ПВК «Вагнер» у Беларусь.

«Што тычыцца заяваў Лукашэнкі пра тое, што яны «прагуляюцца» ў Польшчу, маўляў, яны прагуляюцца са зброяй, запалохаюць усіх і вернуцца… Гэтым Польшчу не напалохаеш. Як ваенная сіла, яны не ўяўляюць сур'ёзнай пагрозы для Рэспублікі Польшча», — разважае віцэ-міністр. З іншага боку, працягнуў ён, нельга выключаць верагоднасць розных правакацый на мяжы з Беларуссю.

«Гэта могуць быць нейкія групоўкі, якія перакідваюцца ў выглядзе ўцекачоў або нелегальных мігрантаў, з мэтай выклікаць нейкія кропкавыя беспарадкі. У такім выпадку дзяржавы, якія ўжо знаходзяцца пад ціскам нелегальнай міграцыі, запусцяць гэтую магчымасць супрацоўніцтва», — растлумачыў А. Абрамавічус, адзначыўшы, што ў гэтым плане існуе магчымасць закрыцця мяжы.

«Магчымасць закрыцця мяжы існуе. Пытанне, як далёка пойдзе беларускі рэжым, безумоўна, узгадніўшы з расійскім рэжымам. Якія паўнамоцтвы будуць дадзены «Вагнеру», — сказаў на заканчэнне намеснік міністра.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула