Жыхару Гомеля далі год калоніі за каментары ў сацсетках
32-гадовага Аляксея Мілеўскага затрымалі 3 мая і спачатку далі 15 сутак па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд «экстрэмісцкай» прадукцыі), але на волю ён так і не выйшаў.
Аляксей Мілеўскі. Фота: сацсеткі
Супраць яго завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса РБ (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за каментары, якія ён пакідаў у інтэрнэце яшчэ ў 2020 годзе.
Цяпер праваабаронцам стаў вядомы прысуд у гэтай справе: суддзя Савецкага раёна Гомеля Андрэй Папраўкін пакараў Аляксея годам пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, піша «Вясна».