СБУ завяла справу на камуніста Сіманенку. Ён уцякаў у Расію праз Беларусь
Пасля прыбыцця расійскіх спецназаўцаў у Беразоўку пад Кіевам у лютым 2022 года экс-нардэп асабіста іх сустрэў, а затым раскватараваў ва ўласным доме і забяспечыў харчаваннем.
Пятро Сіманенка. Фота: kpu.ua
Кіраўнік забароненай Камуністычнай партыі Украіны і былы народны дэпутат Пятро Сіманенка падчас акупацыі расіянамі Кіеўскай вобласці выехаў праз Беларусь у Расію і там актыўна падтрымлівае ўзброеную агрэсію РФ супраць Украіны, піша «Украінская праўда».
Па даных следства, падчас акупацыі Кіеўшчыны Сіманенка звярнуўся да найвышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва Расіі з просьбай яго «эвакуяваць».
Каб вывезці Сіманенку з яго сям'ёй з захопленага ў той час пасёлка Беразоўка пад Кіевам, Крэмль распарадзіўся накіраваць туды атрад спецназа РФ.
Пасля прыбыцця расійскіх спецназаўцаў у Беразоўку экс-нардэп асабіста іх сустрэў, а затым раскватараваў ва ўласным доме і забяспечыў харчаваннем.
Затым з 4 па 8 сакавіка 2022 года акупацыйнае спецпадраздзяленне ажыццявіла «суправаджэнне» Сіманенкі і яго блізкіх праз расійскія блокпасты на тэрыторыю Беларусі.
Адтуль ён пераехаў у Расію, дзе быў прызначаны намеснікам старшыні Цэнтральнага камітэта міжнароднага камуністычнага аб'яднання «Саюз камуністычных партый — Камуністычнай партыі Савецкага Саюза». Гэта пракрамлёўская арганізацыя, падкантрольная расійскай Кампартыі на чале з яе лідарам — дэпутатам Дзярждумы РФ Генадзем Зюганавым.
Менавіта па яго ўказанні Сіманенка пачаў публічную кампанію ў падтрымку агрэсіўнай палітыкі Масквы.
Так, у кастрычніку 2022 года экс-нардэп удзельнічаў у 22-й Міжнароднай сустрэчы камуністычных і працоўных партый, якая праходзіла ў Гаване на Кубе. Падчас свайго выступу на «форуме» Сіманенка спрабаваў легітымізаваць захоп часткі тэрыторыі Украіны і дзейнасць «Л/ДНР».
Таксама 21-22 красавіка ён удзельнічаў у з'ездзе «антыфашысцкага форуму» ў Мінску. Там ён выказваўся за працяг агрэсіўнай вайны супраць Украіны і апраўдваў крамлёўскія наратывы па ўжыванні тактычнай ядзернай зброі РФ.
На падставе сабраных доказаў Сіманенку паведамлена аб падазрэнні па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса Украіны:
- ч. 3 арт. 109 (публічныя заклікі да гвалтоўнай змены або звяржэння канстытуцыйнага ладу або да захопу дзяржаўнай улады з выкарыстаннем СМІ);
- ч. 3 арт. 436-2 (апраўданне, прызнанне правамернай, адмаўленне ўзброенай агрэсіі РФ супраць Украіны).