За даўгі прадаюць кватэру дачкі бізнэсоўца Юрыя Авяр'янава
Пачатковая цана двухпакаёвай кватэры дачкі бізнэсоўца Юрыя Авяр'янава Вікторыі Авяр'янавай — амаль 200 тысяч даляраў. Інфармацыя пра аўкцыён з'явілася на пляцоўцы «Белюрзабеспячэнне», заўважыла «Народная Воля».
Фота: сацсеткі
Двухпакаёўка агульнай плошчай амаль 80 квадратных метраў па адрасе Кірава, 51. Пяціпавярховы дом 1958 года пабудовы знаходзіцца побач са Свіслаччу, на скрыжаванні вуліц Кірава і Купалы.
У кватэры — нядрэнны рамонт, зроблена, але не зацверджана перапланіроўка — санвузел з сумешчанага зрабілі раздзельным, павялічылі плошчу калідора і перанеслі перагародкі, зрабілі гардэробную.
Сярод складанасцяў — арышт следчых органаў, забарона здзяйснення рэгістрацыйных дзеянняў судовага выканаўцы. У кватэры зарэгістраваны адзін непаўналетні.
У аб'яве аб таргах напісана, што кватэра Вікторыі Авяр'янавай. Яна была кіраўніцай клубаў Madison, «Афрыка» і іншых. У 2020 годзе Вікторыю прысудзілі да трох гадоў калоніі за ўхіленне ад выплаты падаткаў, але скарацілі адзін год па амністыі.
Фота з сайта e-auction.by
Вікторыя Авяр'янава — дачка бізнэсмена Юрыя Авяр'янава. Ён адзін з першых даляравых мільянераў Беларусі, экс-уладальнік аўтарынку ў Малінаўцы, будаўнічага рынку ва Уруччы, парка Dreamland, клуба Madison і іншых забаўляльных устаноў у Менску. У 2010-х у бізнэсоўца пачаліся праблемы праз вялікія ўкладанні ў пашырэнне «Дрымлэнда», а ў 2016 годзе кампанію Авяр'янава «Растэм» прызналі банкрутам. Бізнэсовец з'ехаў у Еўропу.
У 2017 годзе ў дачыненні да Юрыя Авяр'янава і некалькіх кіраўнікоў камерцыйных структур распачалі крымінальную справу ў сувязі з ухіленнем ад выплаты падаткаў. Пазней абвінавачванне ў дачыненні да Авяр'янава пашырылі яшчэ і за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Авяр'янаў быў абвешчаны ў міжнародны вышук і яго затрымлівалі ў Берліне. Менск дамагаўся экстрадыцыі бізнэсоўца на радзіму, але гэтага не адбылося.
Пачатковая цана кватэры — 190 884 даляры.
Чытайце таксама:
Памёр бізнэсовец і мецэнат Сяргей Зылькоў. Ён падтрымліваў беларускія ініцыятывы
«Разведчык, бізнэсовец, афганец». Гэты чалавек будзе прадстаўляць дэмакратычную Беларусь ва Украіне
Як 398 еўра ператварыліся ў 5 мільёнаў. Справа Апсіта: каму і чаму падыгралі расследавальнікі?